На гэтым тыдні на пасяджэнні Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры былі разгледжаны прапановы па неабходнасці надання статусу нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці шэрагу элементаў нематэрыяльнай спадчыны. Cярод іх побытавы танец “Спораўская полька” в. Спорава Бярозаўскага раёна; веснавы абрадавы карагод “Стрылка” в. Бездзеж Драгічынскага раёна; абрад “Насіць намётку” в. Папшычы Глыбоцкага раёна; традыцыі вырабу валёнак у Міёрскім раёне; спеўны стыль Тураўскага міжрэчча Прыпяці — Сцвігі; традыцыя вырэзвання з паперы (выцінанкі-выбіванкі) у Навагрудскім раёне; традыцыя шанавання Святога каменя ў в. Крамянец Лагойскага раёна; выканальніцкае майстэрства ў жанры казкавай прозы Лідзіі Цыбульскай з в. Магільна Уздзенскага раёна. Гэтыя традыцыі з’яўляюцца яркімі ідэнтыфікатарамі культур лакальных супольнасцей Беларусі. Акрамя таго быў разгледжаны і элемент агульнанацыянальнага значэння — Урачыстасць у гонар ушанавання абраза Маці Божай Будслаўскай (Будслаўскі фэст).



Усе прапановы знайшлі падтрымкі ў Рады, а таму застаецца толькі дачакацца адпаведнай пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь аб уключэнні названых элементаў у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Варта адзначыць, што сёння абмяркоўваецца магчымасць намінацыі Будслаўскага фэсту ў Рэпрэзентатыўны спіс нематэрыяльнай спадчыны UNESCO.
Таццяна МАРМЫШ, намеснік начальніка аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі
На здымках: валенне валёнак і расчэсванне воўны ў вёсцы Запалассе Міёрскага раёна; так ўвасабляецца "Спораўская полька"; выканальніца казкавай прозы Лідзія Цыбульская з вёскі Магільна на Уздзеншчыне; абрад “Насіць намётку” ў вёсцы Папшычы Глыбоцкага раёна; традыцыя вырэзвання з паперы (выцінанкі-выбіванкі) на Навагрудчыне.
Фота — ад Інстытута культуры Беларусі