Дзіцячае кіно мае ў Беларусі добрыя традыцыі. І цяпер, пасля перыяду заняпаду, мы маем падставы для стрыманага аптымізму адносна ягонай перспектывы: акрэслілася тэндэнцыя вяртання беларускага дзіцячага кіно.
Існуе цікавасць да нашых фільмаў і за мяжой. Дзіцячыя стужкі і дакументалістыка Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”, прадстаўленыя ў Нацыянальным павільёне нашай краіны ў Кане, мелі поспех у гледачоў. Мяркуецца, што гэтаму паспрыяла праграма кароткаметражнай анімацыі і дакументалістыкі, прадстаўленая на секцыі “Short Film Corner”, а таксама паказ поўнаметражнага мультфільма “Прыгоды Несцеркі”. Ідуць перамовы аб удзеле беларускіх анімацыйных стужак у фестывалях у Іспаніі і Фінляндыі, а таксама аб іх дэманстрацыі ў шэрагу краін Еўрасаюза. Ігравую карціну для дзяцей “Рыжык у Залюстэраччы” пабачаць у Італіі.
Не дзіва, што “Беларусьфільм” плануе і надалей працаваць для дзіцячай аўдыторыі. Распачаліся здымкі дзвюхсерыйнай стужкі “Палескія рабінзоны, або Востраў-Цуд” паводле аповесці Янкі Маўра. Здымкі пройдуць ў Бярэзінскім запаведніку, Нясвіжы, Міры і на натурнай пляцоўцы “Беларусьфільма”. Гледачы пабачаць карціну на пачатку наступнага года.
На май 2014-га запланаваны выхад фільма “Неверагодны зрух”, дзе камп’ютар выконвае ролю “машыны часу”, якую, сам таго не жадаючы, завёў школьнік, вучань чацвёртага класа.
І ўжо скончана вытворчасць фільма, які займее поспех і ў моладзі, бо мае захапляльны сюжэт, — “Сляды апосталаў”. Гаворка ідзе пра сямейную рэліквію роду Радзівілаў — залатыя статуі дванаццаці апосталаў, якімі ўжо не адно стагоддзе мрояць шукальнікі скарбаў.
На здымках: кадры са здымак фільмаў "Кіндарвілейскі прывід" і " Палескія рабінзоны, або Востраў-Цуд".
Фота Леаніда ШЧАГЛОВА, БелТА (з архіваў рэдакцыі) і кінастудыі "Беларусьфільм"