Сёння акрэдытацыю FIAPF маюць больш за 50 кінафестываляў найвышэйшага класа: Берлінскі, Венецыянскі, Канскі, Манрэальскі, Маскоўскі ды іншыя. Мінскі "Лістапад" увайшоў у лік кінафорумаў "высокай якасці" — і зараз акрэдытаваны ў FIAPF на пастаяннай аснове, а не на часовай, як гэта было ў 2011 — 2012 гадах.
У FIAPF уваходзіць 31 асацыяцыя з 25 краін, якія вырабляюць кінапрадукцыю. Патрабаванні Федэрацыі да фестываляў уключаюць такія крытэрыі, як добрыя арганізацыйныя рэсурсы цягам года, па-сапраўднаму міжнародны выбар фільмаў і конкурсных журы, размяшчэнне міжнародных карэспандэнтаў, дбайныя меры па прадухіленні пірацтва, падтрымка з боку мясцовай кінаіндустрыі, страхоўка ўсіх копій фільмаў, высокія стандарты афіцыйных публікацый і інфармацыйнага забеспячэння (каталог, праграмкі, флаеры).
Атрыманне пастаяннай акрэдытацыі ў прэстыжнай Федэрацыі сведчыць пра рост айчыннага кінафоруму. Апошні сёлета, дарэчы, будзе святкаваць сваё 20-годдзе. Пройдзе юбілейны, ХХ Мінскі міжнародны кінафестываль "Лістапад" з 1 па 8 лістапада.