![]() |
— Мае творы і без таго выконваюцца, гучалі яны і на 50-гадовы юбілей філармоніі, і на яе 60-годдзе. Падчас сёлетняй “Беларускай музычнай восені” адбыўся мой аўтарскі канцэрт, гучалі 5-я і 6-я сімфоніі, іншыя творы. Я ўвогуле вельмі ўдзячны гэтай канцэртнай установе, якая заўсёды дапамагала і дапамагае мне і маім калегам у прафесійным станаўленні. Кампазітар павінен чуць свае творы, каб мець магчымасць іх удасканальваць. Вось і зараз: Аляксандр Анісімаў разам з Дзяржаўным акадэмічным сімфанічным аркестрам усклаў на сябе працу развучыць “Шчыгрынавую скуру”, я паслухаў і зразумеў, што і дзе трэба падкарэкціраваць. Увесь твор — гэта 17 нумароў працягласцю 50 хвілін.
— А чаму “Шчыгрынавая скура”? Вырашылі, нарэшце, звярнуцца да сваіх усходніх каранёў?
— Беларусь — гэта ўсё. А нарадзіўся я ў Грузіі. Але ж у гэтым творы нічога грузінскага няма — хіба проста яркая ўсходняя тэма як сімвал шчыгрынавай скуры. Па сутнасці, гэта музыка папраўдзе харэаграфічная: калі хтосьці з харэографаў зацікавіцца, зможа паставіць аднаактовы балет, дый я змагу дапрацаваць партытуру, улічваючы пажаданні пастаноўшчыка. У сваёй творчасці я “прайшоў” усё: ад апрацовак беларускіх народных песень да сур’ёзных сімфанічных канцэпцый, у тым ліку паводле Дантэ, да балета “Жарсці” (дарэчы, самым вялікім падарункам на мой юбілей стаўся паказ гэтага спектакля ў нашым Нацыянальным акадэмічным Вялікім тэатры балета Беларусі). І раптам захацелася чагосьці іншага. Спыніўся на “Шчыгрынавай скуры” Бальзака, бо гэта глыбока філасофскі твор — пра тое, што жыццё заканчваецца, калі толькі бярэш яго радасці, не аддаючы нічога ўзамен...
— Вам гэта не пагражае.
— Пагроза — жудаснае слова. А мая музыка не столькі драматычная, колькі лірычная, без асаблівых тэатральных эфектаў. І завяршаецца яна сумна-шчымлівай “Баркаролай”.
... Застаецца дачакацца прэм’еры, якая адбудзецца ў канцы сезона падчас святкавання 80-годдзя Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі.
Надзея БУНЦЭВІЧ