Як паведамляе “К” начальнік аддзела культуры Слуцкага райвыканкама Алена Камоцкая, аб’екты музейнай увагі — два слуцкія паясы XVIII стагоддзя, што знаходзяцца ў прыватнай калекцыі аднаго з мінскіх збіральнікаў даўніны. Агульны кошт рарытэтаў — 175 тысяч долараў. Грошы немалыя, але, па словах Алены Камоцкай, не менш важным з’яўляецца і тое, каб Слуцкі краязнаўчы музей вярнуў паясы на гістарычную радзіму.
Мінскі калекцыянер, па словах дырэктара Слуцкага краязнаўчага музея Наталлі Серык, аб’явіўся сам. Музей імгненна распачаў піяр-акцыю, звярнуўся па дапамогу да арганізацый, прадпрыемстваў, камерцыйных структур, жыхароў горада і Міншчыны. Для пералічэння сродкаў на набыццё рарытэтаў быў адкрыты рахунак 3604000000562, філіял №615 ААБ “Беларусбанк”, код 808, УНП 690305921, атрымальнік — ДУ “Слуцкі краязнаўчы музей”.
Як паведамляе Наталля Серык, на рахунак пачалі паступаць грошы. Музейныя работнікі мяркуюць, што названыя паясы стануць музейнымі экспанатамі і будуць прэзентаваны ўсім ахвотным на Дзень горада ў верасні ці, прынамсі, да шасцідзесяцігоддзя музея ў лістападзе.