Сёлета фестываль будзе доўжыцца амаль тры месяцы: распачаўся ён 14 сакавіка канцэртам "Старонкі музычнай спадчыны" кафедры народна-інструментальнай творчасці з удзелам вядомых фальклорных калектываў "Гуды", "Грамніцы", "Беларуская песня" ў Белдзяржфілармоніі, а завершыцца напрыканцы мая гала-канцэртам, які пройдзе ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры.
Па традыцыі, у час форуму пляцоўкі для выступленняў будуць прадастаўлены як студэнтам БДУКіМ, так і яго выкладчыкам ды выпускнікам. Фестывальныя імпрэзы ахопяць амаль усе бакі сцэнічнага існавання творчага чалавека: тут будзе інструментальная, народная і эстрадная музыка, тэатральныя пастаноўкі, харэаграфія. Як паведамілі "К" у прэс-службе ўніверсітэта, вялікую ўвагу наведвальнікаў і ўдзельнікаў фэсту маюць займець кніжныя выстаўкі, што будуць дзейнічаць як у сценах гэтай ВНУ, так і ў іншых установах. Падрыхтоўкай экспазіцый займаюцца студэнты і выкладчыкі факультэта інфармацыйна-дакументальных камунікацый. Акрамя кніжных выставак для гасцей форуму будуць прадстаўлены і творы ДПМ.