З пасяджэння калегіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
За разбурэнне помніка -
да адказнасці
Яшчэ адна сімптаматычная адметнасць: на пасяджэнні прысутнічалі не толькі начальнікі ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, кіраўнікі рэспубліканскіх устаноў і работнікі міністэрскага апарата, але і прадстаўнікі Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь. І думка, што за разбурэнне помніка, які знаходзіцца пад аховай дзяржавы, неабходна ўзбуджаць крымінальную справу, гучала з самых розных вуснаў як кіраўніцтва да неадкладнага дзеяння. Маўляў, у адваротным выпадку так і не здолеем пакінуць спадкаемцам у годным выглядзе тое, што дасталося нам ад прашчураў. Як паказала пракурорская праверка, двойчы праведзеная за апошнія гады, хібаў у справе захавання спадчыны - недаравальна шмат.
Міністр культуры краіны Павел Латушка адзначыў тое, што парушэнні заканадаўства ў названай сферы ледзь не сталіся нормай. У многіх раёнах яшчэ няма дакументаў па ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцей, на аб'ектах адсутнічаюць ахоўныя дошкі, не створаны зоны аховы. Амаль ва ўсіх рэгіёнах археалагічныя аб'екты не ўнесены ў карты землекарыстання. У выніку бяздзейнасці ўладальнікаў спадчыны пэўныя помнікі нават не закансерваваны і няўхільна разбураюцца. Наспеў час стварэння незалежнай структуры - дзяржаўнай інспекцыі па ахове нашай даўніны.
Начальнік упраўлення па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь Павел Радзіёнаў агучыў яскравыя выпадкі такіх парушэнняў, пераканаўшы, што далёка па такія прыклады ехаць не варта - іх і ў сталіцы хапае. Да прыкладу, з дома-помніка па вуліцы Раманаўская Слабада, 3 жыхароў выселілі, будынак аддалі ў арэнду камерцыйнай структуры, але за сем гадоў узровень яго зношанасці павялічыўся з 60 да 90 працэнтаў; неахайна выглядаюць некаторыя фасады на галоўным мінскім праспекце; літаральна развальваюцца будынкі па вуліцы Рэвалюцыйнай...
І справа - не толькі ў эканамічным складніку праблемы (аб'екты даводзіцца перадаваць іншым уласнікам па заніжаным кошце), але і ў маральным: спадчына - набытак нацыянальны, і з часам гэты статус набывае ўсё большую важкасць. Таму вердыкт Генпракуратуры наступны: неразваротлівасць мясцовых улад, і не толькі сталічных, - ганебная. У Іўеўскім раёне, да прыкладу, сядзіба Умястоўскіх знаходзіцца на балансе сельскагаспадарчага прадпрыемства, якому, па словах Паўла Радзіёнава, ніякай справы няма да захавання ўнікальнай гістарычна-архітэктурнай цікавосткі. А патрэбны менавіта сумесныя ды сістэмныя намаганні. Тым не менш, не ва ўсіх рэгіёнах ёсць адпаведныя праграмы дзеяння. Пра які стан законнасці тады можна весці гаворку?
Адмоўных прыкладаў хапала і ў выступленні начальніка ўпраўлення па ахове гісторыка-культурнай спадчыны і рэстаўрацыі Міністэрства культуры Ігара Чарняўскага. Тым не менш, міністр культуры канстатаваў: упраўленню не хапае жорсткасці, таму матэрыялы праверак накіроўваць трэба ў пракуратуру.
У ходзе абмеркавання праблемы, у якім прынялі ўдзел усе кіраўнікі ўпраўленняў культуры аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама, было знойдзена альтэрнатыўнае выйсце з праблемы пад назвай "ахоўныя дошкі". Вырашана вырабляць іх уласнымі сіламі: у школьных майстэрнях. Такім чынам і грошы можна сэканоміць, і дзятву да высакароднай справы прыцягнуць... А начальнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец прапанаваў правесці чарговую Навукова-метадычную раду па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры ў Горках, дзе ёсць верагоднасць выключэння з Дзяржспіса каштоўнасцей некалькіх аб'ектаў.