Чарговай нагодай прыгадаць Хруцкага, які нарадзіўся ў мястэчку Ула Лепельскага павета Віцебскай губерні, стала адкрыццё ў мясцовым раённым краязнаўчым музеі выстаўкі фотапрынтаў ягоных твораў з калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея, а таксама прэзентацыя кнігі "Іван Хруцкі" з серыі "Славутыя мастакі Беларусі", што пабачыла свет у выдавецтве "Беларусь".
Ва ўрачыстасцях з нагоды знакавай падзеі ў музеі прынялі ўдзел не толькі прадстаўнікі мясцовых органаў улады, госці з Мінска, але і мясцовыя школьнікі, настаўнікі. Дырэктар выдавецтва "Беларусь" Ганна Трусевіч падкрэсліла значнасць выхаду ў свет кнігі-альбома Івана Хруцкага. У сваю чаргу, дырэктар Нацыянальнага мастацкага Уладзімір Пракапцоў адзначыў вялікія перспектывы гэтай кніжнай серыі, а таксама распавёў пра прадстаўленыя на выстаўцы работы жывапісца.
Завяршылася ж святочная імпрэза канцэртам у выкананні вучняў і педагогаў Лепельскай школы мастацтваў.
На здымку: пад час канцэрта ў рамках прэзентацыі.