Першы Статут ВКЛ 1529 года.
У сакавіку ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася заключная сустрэча з цыкла лекцый “Крыніцы гістарычнай памяці”, прысвечаная ролі Статутаў Вялікага Княства Літоўскага ў кантэксце гісторыі права Беларусі. У якасці эксперта-дакладчыка выступіў кандыдат гістарычных навук, загадчык кафедры гісторыі Беларусі старажытнага часу і сярэдніх вякоў гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Уладзімір Падалінскі.
Агулам за тры месяцы адбылося восем сустрэч, прысвечаных разнастайным відам гістарычных крыніц аб мінуўшчыне Беларусі, такім як летапісы, старадаўняя мастацкая літаратура, карты, помнікі эпіграфікі, тапаніміка, дакументы партызан часоў Вялікай Айчыннай вайны. Сустрэчы, ладжаныя ўжывую ў сценах бібліятэкі, таксама трансляваліся анлайн, а іх відэазапісы застаюцца даступнымі на відэаканале ўстановы, таму агульная аўдыторыя лекцый дасягае некалькіх тысяч гледачоў.
У кантэксце Года гістарычнай памяці і звароту да каранёў ды вытокаў беларускай гісторыі і культуры, а таксама ў сувязі з уступленнем у дзеянне змен і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, прынятых па выніках рэспубліканскага рэферэндуму, гэтым разам увага была звернутая на такі важны від гістарычных дакументаў, як крыніцы па гісторыі права Беларусі. Вядома, што першымі агульнадзяржаўнымі дакументамі, якія рэгулявалі жыццё нашых продкаў і з’яўляліся своеасаблівымі правобразамі Асноўнага Закона, былі менавіта Статуты Вялікага Княства Літоўскага.
НА ШЛЯХУ ДА АДНАСТАЙНАСЦІ
Да з’яўлення Статутаў прававая сістэма ВКЛ у XII — XV стагоддзях развівалася збольшага на аснове звычаёвага права, якое перадавалася праз вусную традыцыю, і ў меншай ступені на падставе пісьмовых крыніц права, якія можна падзяліць на царкоўныя і свецкія — да апошніх, што тычыліся агульнаграмадскага жыцця, адносіліся нормы Рускай Праўды (найстаражытнейшага зводу законаў Кіеўскай Русі, які ўзнік яшчэ ў ХІ стагоддзі ў часы кіравання Яраслава Мудрага), гандлёвыя дагаворы, прывілеі, якія надаваліся вялікімі князямі літоўскімі, а таксама пастановы соймаў і судоў.
Першым жа агульнадзяржаўным прававым актам, што тычыўся ўсёй тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага, быў прывілей вялікага князя Казіміра Ягайлавіча, выдадзены ў 1447 годзе, які быў важным крокам да цэнтралізацыі земляў дзяржавы і ўзнікнення агульнадзяржаўнага права. Натуральна, складзены гэты дакумент быў на старабеларускай мове, што фактычна надавала ёй статус афіцыйнай мовы ВКЛ, нягледзячы на тое, што княства было шматканфесійнай і шматнацыянальнай дзяржавай.
Вялікае Княства Літоўскае ў XV стагоддзі было велізарнай дзяржавай, якая ахоплівала тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы і Украіны, таму мясцовыя прававыя традыцыі на ўсім гэтым абшары, якія часам маглі істотна адрознівацца, патрабавалі прывядзення да аднастайнасці, уніфікацыі і кадыфікацыі. Першай спробай стварэння такога адзінага агульнадзяржаўнага дакумента быў “Судзебнік”, які з’явіўся ў 1468 годзе і аб’ядноўваў толькі нормы крымінальнага і крымінальна-працэсуальнага права.
Працяг тэмы — у газеце "Культура" №15 за 9 красавіка.