Магілёўскай гарадской капэле, у складзе якой - сімфанічны аркестр, хор і салісты, ужо больш за 20 гадоў. Яе стваральнікам і мастацкім кіраўніком з'яўляецца дырыжор Сяргей ЛІШЧЭНКА. На пачатку лютага ён адзначыў свой паўвекавы юбілей.
- Сяргей Юр'евіч! Пэўна, няпроста быць мастацкім кіраўніком абласнога калектыву акадэмічнай музыкі? У сталіцы меламанаў куды больш. Як выхоўваеце густы?
- Праз асветніцтва, скіраванае найперш на аўдыторыю школьнікаў і падлеткаў. Адрасуем ім тэматычныя абанементы "Дотык да прыгожага", "Яго Вялікасць Аркестр". Толькі за мінулы год мы правялі больш чым 70 лекцый-канцэртаў для дзяцей і моладзі, іх наведала больш за пяць тысяч чалавек. Заўважылі, што калі лектар-мастацтвазнаўца і выканаўца аб'ядноўваюцца ў адной асобе і аповед можа ілюстравацца музычнымі фрагментамі, гэта прываблівае публіку: далей на канцэрты класічных твораў дзеці прыходзяць разам з бацькамі.
- У вас гучыць музыка Гендэля, Бетховена, Бізэ... Гэтым можа пахваліцца далёка не кожны абласны цэнтр...
- Толькі за мінулы год мы падрыхтавалі 26 новых праграм, а гэта больш за 120 прэм'ерных твораў. Сярод іх - такія буйныя, як месы Баха і Моцарта, сімфоніі Каліннікава і Дворжака, "Малюнкі з выстаўкі" Мусаргскага. Дзве новыя канцэртныя праграмы прымеркавалі да 120-годдзя з дня нараджэння Пракоф'ева і да 200-годдзя з дня нараджэння Ліста. У свой час наш калектыў зрабіўся ініцыятарам правядзення ў Магілёве шэрагу гарадскіх музычных форумаў. Публіка чакае іх з нецярплівасцю, бо кожным разам мы прадстаўляем нешта новае. Напрыклад, штогод у студзені, пачынаючы з 2006-га, прэзентуем праграму "Моцартыяна". З 2005-га, звычайна ў сакавіку, ладзім цыкл музычных вечарын у рамках фестывалю "Bach-collegium". Яшчэ даўнейшыя традыцыі, ажно з 1994 года, маюць канцэрты праваслаўных спеваў "Магілёўскі харавы сабор", якія ўшаноўваюць памяць архіепіскапа Георгія Каніскага. Для ўдзелу ў сумесных праектах часта запрашаем знаных вакалістаў, асабліва - салістаў нашага Вялікага тэатра Сяргея Франкоўскага і Ніну Шарубіну, чыё творчае сталенне звязана з магілёўскай зямлёй...
- Неаднойчы чула, як цёпла адгукаюцца пра вас многія беларускія кампазітары, чые сачыненні вы з ахвотай уключаеце ў свае праграмы...
- Вядома, мне заўжды хацелася, каб жыхары горада і Магілёўшчыны знаёміліся з новымі сачыненнямі нацыянальных аўтараў. Толькі летась выконвалі творы Дзмітрыя Смольскага, Людмілы Шлег, Вячаслава Кузняцова, Галіны Гарэлавай, Мікалая Літвіна, Сяргея Бугасава, Аліны Безенсон. У папярэднія гады - Алены Атрашкевіч, Аляксандра Рашчынскага, Віктара Кажухара.
- А ваша супрацоўніцтва з музыкантамі Венесуэлы?
- Сапраўды, за дырыжорскім пультам аркестра нашай капэлы неаднойчы стаяў Херарда Марцінэс Эстрада. Ён - скрыпач, дырыжор і адначасова першы сакратар Пасольства Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ў Рэспубліцы Беларусь. Вынікам такога супрацоўніцтва стаўся шэраг сумесных праектаў: летась у маі Дні Венесуэлы прайшлі ў Оршы, у кастрычніку - у Магілёве. У полацкім Сафійскім саборы мы разам прэзентавалі Фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, на сцэне Палаца дзяцей і моладзі ў Мінску ладзілі свята "Лацінаамерыканская вербена". А на Міжнародным фестывалі "Залаты шлягер-2011" у Канцэртнай зале "Магілёў" давалі праграму "Шлягеры лацінаамерыканскай музыкі". Нашы музыканты былі вельмі расчулены падарункамі: флейтай-пікала "Yamaha", маршавым бас-барабанам "Chester". Гэта быў знак падзякі капэле за дапамогу ў правядзенні музычных імпрэз, арганізаваных Пасольствам сумесна з Лацінаамерыканскім культурным цэнтрам імя Сімона Балівара.
Гутарыла Таццяна
МУШЫНСКАЯ
На здымку: Сяргей Лішчэнка.
Фота Андрэя СПРЫНЧАНА