Лепшыя выканаўцы вызначаліся па пяці намінацыях: хоры аматарскія змяшаныя, аматарскія аднародныя, дзіцячыя малодшага ўзросту, дзіцячаюнацкія і, нарэшце, вакальныя ансамблі. Дзесьці першыя прэміі дзяліліся, дзесьці - увогуле не прысуджаліся. Гран-пры атрымаў Народны хор ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і працы г. Барысава на чале з Валянцінай Георгіу.
- Фестываль-конкурс, - падзялілася ўражаннямі старшыня журы, дацэнт кафедры харавога дырыжыравання Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Ларыса Шымановіч, - сапраўды знайшоў "рэха" ў душах усіх удзельнікаў і слухачоў. Але ён высвяціў і шэраг праблем, што вядуць свой пачатак ажно са спеваў у дзіцячых садках. Вельмі хацелася б, каб гэтае свята стала стымулам для больш цесных сувязей паміж кампазітарамі і харавымі калектывамі. Слушна кажуць: заспявае школа - заспявае народ. А спеўны народ, якім і былі беларусы на працягу стагоддзяў, - гэта шлях да развіцця духоўнасці...
Ну, а дадатковым доказам замежнага прызнання нашых кампазітарска-выканальніцкіх заваёў стаў чарговы нумар аднаго з аўтарытэтных бельгійскіх часопісаў "Міжнародны харавы бюлетэнь", прысвечаны харавой культуры Беларусі і Польшчы. Дый на нядаўні філарманічны вечар памяці народнага артыста СССР, прафесара Віктара Роўды з'ехаліся не толькі яго вучні з розных куткоў нашай краіны (усяго іх, дарэчы, больш за 800), але і расійскія госці: прафесар Маскоўскай кансерваторыі Аляксей Руднеўскі выступіў адным з арганізатараў канцэрта і яго дырыжорам, а кампазітар Уладзіслаў Агафоннікаў прысвяціў знакамітаму Маэстра шэраг сваіх твораў.
Фота Юрыя ІВАНОВА
На здымках: народная харавая капэла БНТУ;
ансамбль народнай музыкі "Валачобнікі" БДУКіМ.