Пра Адрыяна Прахава я ведаў яшчэ ў свае студэнцкія гады як пра мастацкага крытыка, гісторыка мастацтваў, археолага, рэстаўратара і даследчыка старажытных цэркваў Кіева ды Валыні, прафесара Пецярбургскага ўніверсітэта, які, дарэчы, у 70 - 80-я гады XIX ст. выкладаў на той самай універсітэцкай кафедры гісторыі мастацтва, дзе я сам вучыўся. Але да нядаўняга часу не ведаў, што Адрыян Віктаравіч - беларус, родам з Мсціслава Магілёўскай губерні, дзе бацька яго, Віктар Іванавіч Прахаў, надворны саветнік, лінгвіст і бібліяфіл, узначальваў Дваранскае вучылішча, а маці, Еўдакія Васільеўна Палубінская, паходзіла з княжацкага роду магілёўскіх шляхціцаў. А ў верасні 2011 года намеснік дырэктара Магілёўскага абласнога мастацкага музея імя П.В. Масленікава Святлана Строгіна даслала мне матэрыял, дзе паведамляла, што ў Магілёве адкрыўся XVI Міжнародны пленэр па жывапісе, прысвечаны 165-годдзю з дня нараджэння А.В. Прахава. 24 верасня на будынку Магілёўскага гісторыка-археалагічнага музея была адкрыта мемарыяльная дошка "славутаму сыну зямлі Магілёўскай".
У згаданых урачыстасцях прынялі ўдзел, акрамя кіраўніцтва вобласці і Мсціслаўскага раёна, пісьменнік, дырэктар Інстытута сацыяльнай памяці Акадэміі ваенных навук Расіі, даследчык жыцця і творчасці А.В.Прахава А.Ужанаў, выкладчык Маскоўскай духоўнай Акадэміі Л.Анісаў, праўнучка А.Прахава - кіяўлянка І.Прахава, прапраўнук - масквіч К.Герцаў ды яшчэ адна прапраўнучка - мастачка Н.Прахава, якая прыехала з Чэхіі удзельнічаць у пленэры. Вось так я ўпершыню даведаўся, што Адрыян Прахаў - менавіта наш зямляк. Папрасіў Святлану Строгіну зрабіць для "К" два артыкулы: грунтоўны - пра яго жыццё і творчасць (пад рубрыку "Вяртанне імёнаў), а таксама - пра вынікі таго самага пленэру, дзе ўдзельнічалі 30 мастакоў з 7 краін і які праводзіўся на тэрыторыі Дзяржаўнага музея-запаведніка В.Паленава ў Расіі і на беларускай Мсціслаўшчыне. Але, на жаль, тыя матэрыялы ад Святланы Вікенцьеўны так і не атрымаў. І таму рашыў паспрабаваць сам напісаць кароткае даследаванне пра нашага земляка, тым больш, што некаторыя з запісаў лекцый маіх студэнцкіх гадоў, якія тычыліся "кіеўскага", "абрамцаўскага", "пецярбургскага" перыядаў жыцця Прахава, а таксама яго вельмі няпростых адносін з Міхаілам Урубелем, засталіся ў маім хатнім архіве. А Святлане Строгінай, якая "адкрыла" для мяне Адрыяна Прахава як земляка-беларуса, я вельмі ўдзячны.
Вось што пісаў рускі пісьменнік Уладзімір Дзедлаў у сваёй манаграфіі "Кіеўскі Уладзімірскі сабор і яго мастацкія творцы": "У канцы мая 1880 года да дома беларускага маёнтка маёй сям'і пад'ехала паштовая брычка. У гэты час я заставаўся ў вёсцы адзін і сядзеў за абедам. Выглянуўшы на гук званочка ў акно, я пабачыў ля пад'езда чалавека сярэдняга росту і моцнага складу, у жоўтым саламяным капелюшы, у шэрай крылатцы, з акладзістай цёмна-русай барадой і ў невялічкіх залатых акулярах. З-пад капелюша прабіваліся кучары, якія пачыналі сівець. Ружаватыя поўныя вусны ўсміхаліся. Шэрыя вочы весела аглядалі дом і двор. Гэта быў прафесар тэорыі і гісторыі мастацтва Пецярбургскага ўніверсітэта, дзе я тады вучыўся, Адрыян Віктаравіч Прахаў, родам беларус, які з дзяцінства не бываў на Беларусі. Зноў бачыў яе і смяяўся, і ўсміхаўся ад задавальнення сустрэчы са старой знаёмай і сваячкай - Беларуссю..."
Так, пасля смерці бацькі сям'я Прахавых рана з'ехала з радзімы ў Пецярбург. Тут наш герой вучыўся ў 3-й гімназіі, а ў 1863-м паступіў ва ўніверсітэт на гісторыкафілалагічны факультэт. Яшчэ студэнтам ён напісаў свой першы артыкул па гісторыі мастацтва "Ахіл у Эрмітажы", які быў надрукаваны ў часопісе Міністэрства народнай асветы з малюнкамі Ільі Рэпіна. І сяброўства з гэтым творцам звязвае Адрыяна Віктаравіча на доўгія гады. У сваім дзённіку 4 верасня 1865 г. ён піша: "Учора ўвечары быў у мяне Рэпін. Як хутка прывязваюся я да чалавека: не з'яўляецца Рэпін некалькі дзён, я вось і думаю: чаму гэта яго так даўно няма. Мне здаецца, што мы блізка з ім сыдземся. Хочацца мне дапамагчы яму развівацца, прыйсці самому сабе ў яснасць. Хацелася б павесці з ім добрыя, правільныя заняткі, але, на жаль, я сам так мала ведаю, што, напэўна, прыйдзецца ісці вобмацкам... Чалавек, здаецца, прынамсі, незвычайны, мо сапраўды таленавіты: сумна будзе, калі з яго не атрымаецца нічога талковага. Трэба дапамагчы яму здабыць сабе цяпер дастатковы запас ведаў, забяспечаную адукацыю, каб потым больш свабодна было яму ў вызначэнні свайго лёсу. Задача мастака такая высокая і такая таму цяжкая, што яна, акрамя (няма чаго і казаць) неабходнага прыроднага даравання, патрабуе ад чалавека вельмі, вельмі трывалай адукацыі".
Пасля заканчэння вучобы ў 1867 годзе Прахава камандзіравалі ў Еўропу для, як сёння сказалі б, "павышэння кваліфікацыі". Спачатку ў Мюнхене ён слухаў лекцыі вядомага прафесара археалогіі, буйнога знаўцы этрускага і грэчаскага мастацтва Генрыха Бруна, вывучаў помнікі старажытнагрэчаскага мастацтва, потым наведаў Берлін, Парыж, Лондан, Вену, розныя гарады Італіі. У 1873-м вярнуўся ў Пецярбург, атрымаў там ступень магістра, стаў дацэнтам універсітэта. Свае лекцыі па тэорыі і гісторыі мастацтва ён з заўсёдным поспехам чытаў і ў сваёй "alma mater", і- паралельна - у Акадэміі мастацтваў. А ўлюбёным дэвізам Прахава было выслоўе з "Дзеянняў апосталаў": "Шчаслівы той, хто больш дае, чым атрымлівае".
Пісьменнік В.Верасаеў успамінае: "З задавальненнем слухаў я на 4-м курсе лекцыі па гісторыі грэчаскага мастацтва. Чытаў прафесар Адрыян Віктаравіч Прахаў,- чытаў заўзята і бліскуча. Сіваваты чалавек з палегаваным, панскім тварам, у залатых акулярах... Чытаў у будынку ўніверсітэта, у кабінеце мастацтва, але часта прызначаў лекцыі ў Эрмітажы альбо Акадэміі мастацтваў, і там чытаў, проста перад статуямі, пра эгінскія мармуры, пра скульптурныя тыпы Венеры, Зеўса і Апалона..."
І.Рэпін таксама высока аценьваў лекцыі Прахава: "Адрыян Віктаравіч аднойчы ўжо апісаны ў мяне ў артыкуле "Смяротная кара Каракозава" (у маёй аўтабіяграфіі); ён быў прафесарам універсітэта (класічнай скульптуры) і чытаў публічныя лекцыі ў Акадэміі мастацтваў, у скульптурным музеі. Яны мелі велізарны поспех. На лекцыі Адрыян Віктаравіч прыносіў з сабой вялікі стос кніг. Я з вялікай цікавасцю наведваў заняткі ў кампаніі маіх вучняў Тэнішаўскай школы. Асабліва дзве лекцыі: пра Ніябею і Лаакаона - выклікалі выключны інтарэс па сваёй паўнаце і рэдкіх матэрыялах прафесара. І па многіх эпізодах класічнага свету Адрыян Прахаў захопліваў слухачоў гістарычнай, яшчэ нікім не кранутай, праўдай. Гэта быў філосаф, які добра ведаў мову элінаў, і ён нас уражваў да неймавернасці новымі ведамі з класічнага свету. Яшчэ цэлы міф аб Праметэі. Гэтыя міфы і гістарычныя матэрыялы здзіўлялі нас сваёй навізной. Аб Праметэі незвычайна чулліва, незабыўна... Ніякі раман не мог так захапляць. Праметэй - гэта Хрыстос элінаў".
У перапынках паміж выкладаннем Прахаў вандраваў па Егіпце, Сірыі, Судане, Палесціне, Грэцыі, Турцыі, абараніў доктарскую дысертацыю па архітэктуры старажытнага Егіпта, а потым цалкам перайшоў на вывучэнне помнікаў старажытнай Русі. У пачатку 1880-х гадоў даследаваў і зрысаваў рэшткі мазаікі і насценнага жывапісу ў Сафійскім саборы ды фрэскі Кірылаўскай царквы ў Кіеве, даследаваў саборы паўднёва-заходняй Валыні, а таксама адкрыў і скапіраваў фрэскі ў царкве кіеўскага Міхайлаўскага Златаверхага манастыра. Да сваёй дзейнасці падыходзіў строга навукова: з фрэсак і мазаік заўсёды рабіў фотатыпіі і фатаграфіі. У 1887 годзе Прахаў перайшоў з Пецярбургскага ўніверсітэта ў Кіеўскі ўніверсітэт святога Уладзіміра на кафедру прыгожых мастацтваў, дзе і прапрацаваў аж 10 гадоў - да вяртання ў Пецярбург на родную кафедру.
Але вернемся ў Кіеў. Да работы ў тамтэйшай Кірылаўскай царкве прафесар Прахаў прыцягнуў маладога Міхаіла Урубеля. Меркавалася, што Урубель прыедзе ў Кіеў на 76 дзён і за 1200 рублёў намалюе чатыры лікі святых для аднаяруснага мармуровага іканастаса царквы ў візантыйскім стылі. Яго парэкамендаваў Прахаву Павел Чысцякоў, акадэмічны настаўнік будучага аўтара "Дэмана". Сказаў Прахаву, што "ён - мой лепшы вучань, больш таленавітага я не ведаю". І вось вясной 1884 г. у кіеўскай кватэры Прахавых у доме №6/11 на рагу Уладзімірскай і Вялікай Жытомірскай вуліц з'явіўся 27-гадовы "хударлявы, русы, сарамлівы малады чалавек з тонкімі рысамі твара... нярускага тыпу". Тут яго цёпла сустрэлі Адрыян Прахаў і яго жонка, 32-гадовая прыгажуня Эмілія Львоўна, маці траіх дзяцей, якая была на той час сапраўднай душой кіеўскага грамадства. Адразу па прыездзе Міхаіл узяўся за работу. Ён цудоўна "адчуваў" сцяну царквы, навучыўся працаваць шырокімі колеравымі плямамі, як і старажытныя іканапісцы. Праўда, замест таго, каб аднаўляць візантыйскія фрэскі, ён стаў пісаць новыя. Да пары да часу гэта задавальняла Прахава. Акрамя ікон для іканастаса, Урубель напісаў роспісы "Сашэсце Святога Духа", "Уезд Хрыста ў Іерусалім", "Благавешчанне". Перспектывы былі самымі радаснымі: у Кіеве заканчвалася будаўніцтва Уладзімірскага сабора, апрацоўку інтэр'ера даручылі ўсё таму ж Прахаву. Адрыян Віктаравіч з самага пачатку ўжо намякнуў Урубелю: маўляў, рыхтуй эскізы роспісаў.
Вось што пісаў у лісце да родных 15 студзеня 1891 г. Міхаіл Несцераў: "У нядзелю быў я ў Кірылаўскім манастыры (XII ст.). Яго рэстаўраваў гады тры-чатыры таму Прахаў. Там між іншымі мастакамі ёсць работы Урубеля (чатыры абразы ў іканастасе). Пісаў ён іх у Венецыі пад уражаннем старажытных майстроў і прыклаў да гэтага свой дзівосны талент, і выйшла нешта, ад чаго вочы могуць разгарэцца. Асабліва цудоўная мясцовая ікона Багародзіцы, не кажучы ўжо пра тое, што яна незвычайна арыгінальна ўзятая, сімпатычная, але галоўнае - гэта дзіўная, строгая гармонія ліній і фарбаў". Тут жа, у царкве, Урубель напісаў фрэску "Сыходжанне Святога Духа на апосталаў", у кампазіцыі якой немагчыма не пазнаць Адрыяна Прахава ў адным са Святых айцоў (трэці злева). Ён застыў у характэрнай позе, у стане нейкага захаплення. І здаецца, менавіта так і сам Прахаў у зямным жыцці пазіраў на візантыйскі і старажытнарускі манументальны жывапіс, якому ён аддаў большую частку сваёй біяграфіі.
І вось тут пачынаецца сапраўдная меладрама, якая тычыцца сяброўства-варожасці паміж Прахавым і Урубелем. Гісторыя гэтая ў свой час нарабіла шмат шуму, выклікала шмат размоў, тлумачэнняў, дзе плёткі і праўда ішлі побач. Справа ў тым, што правобразам Багародзіцы паслужыла жонка Адрыяна Прахава - Эмілія Львоўна, таленавітая піяністка, а ў вобразе Сына сучаснікі ўгледжвалі падабенства з малодшай дачкой Прахавых - Вольгай. Праўда, Урубель амаладзіў твар Багародзіцы на іконе ў параўнанні з правобразам і трошкі скарыстаў таксама рысы твару старэйшай дачкі Прахавых - Алёны. Але, як бы там ні было, Эмілію Львоўну на чуллівай і журботнай іконе пазнавалі ўсе, хто ведаў сям'ю Прахавых. Бо Урубель уклаў у гэты вобраз такое пачуццё, якое дазволіла лічыць яго найвышэйшым дасягненнем мастака ў адлюстраванні святых лікаў...
Словам, здарылася неверагоднае: абрынулася на Міхаіла горкая любоўная напасць! У свае 27 гадоў Урубель заставаўся падлеткам, ва ўсялякім разе ў тым, што тычылася жанчын. А тут побач з'явілася яна, раскошная свецкая львіца, трапная, вопытная і самаўпэўненая Эмілія Львоўна Прахава з "цёмна-валошкавымі вачыма і вельмі выразнымі вуснамі". Ён закахаўся ў яе трапятліва і безнадзейна. Яна сталася для яго Цудоўнай Дамай, музай і натхняльніцай - і прычынай таго, што талент Урубеля не будзе рэалізаваны ў той ступені, у якой гэтага хацелася б і самому мастаку. Хаця менавіта ў Кіеве, дзякуючы Адрыяну Прахаву, ён ператварыўся са студэнта ў майстра, а таксама ўпершыню сустрэў тут свайго Дэмана, які стаў для мастака галоўнай візітоўкай на ўсё жыццё. Але гэтая жанчына была Мішу "не па зубах". Як ён ні стараўся ўразіць яе ўяўленне ці то гарачым поглядам, ці то шматзначным уздыхам, ці то спяваннем пад яе акампанемент, ці то букетам кветак - нічога не атрымлівалася. Быў, аднак, момант, калі Эмілія Львоўна вось-вось павінна была растаяць і... Але Урубель нечакана сам падаўся назад: можа, ад прыроднай сарамлівасці, а можа, ад няёмкасці перад сваім дабрадзеем - Адрыянам Віктаравічам Прахавым. Але ўсё роўна кахаў, і не ўтойваў, не хаваў гэтага пачуцця. А калі Урубель даведаўся, што ў жанчыны ёсць палюбоўнік - нейкі бравы палкоўнік, які, узяўшы яе "штурмам" без усялякіх там прыгожанькіх "рэверансаў", дарыў яхантавыя завушніцы і адвозіў яе на тройцы з бразготкамі на шыкоўныя пікнікі, - зусім упаў духам ад рэўнасці. Адзінае, што заставалася няшчаснаму мастаку - гэта маляваць каханую...
(Заканчэнне будзе.)