Аматарскі ансамбль беларускай песні "Прымакі" з Беластока добра вядомы ў нашай краіне. Шчыры папулярызатар беларускіх народных песень, гэты польскі калектыў стаўся заўсёднікам многіх нашых фестываляў ды святаў. А сваё 15-годдзе адзначыў нядаўна ў канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі, выступіўшы разам з нашымі прафесійнымі ансамблямі "Купалінка" і "Свята".
- Мы вельмі ўдзячныя Беларусі за падтрымку,- адзначыў кіраўнік "Прымакоў" Юрый Астапчук. - З беларускімі калегамі сябруем даўно - літаральна з самага пачатку нашага існавання, - і гэта дае плён. Мы пастаянна запрашаем да сябе вашы калектывы і салістаў. Калі пералічваць, хто з беларускіх артыстаў пабываў у Беластоку і, шырэй, у Польшчы, давядзецца назваць ледзь не ўсіх. Дый мы часцяком прыязджаем да вас. Таму адзначыць сваё 15-годдзе ў Мінску, разам з вашымі цудоўнымі ансамблямі, блізкімі нам па духу,- гэта папраўдзе знакавая для нас падзея. Вядома, юбілей будзе доўжыцца цягам усяго года, пройдзе яшчэ шмат канцэртаў і выступленняў на розных пляцоўках, але сцэна сталічнай філармоніі Беларусі - асаблівая...
А хіба ж не асаблівыя самі "Прымакі"? Дзесяцігоддзе таму прыехалі ўпершыню ў Паставы - на Міжнародны фестываль "Звіняць цымбалы і гармонік", а праз год на наступным такім фэсце іх ужо віталі як герояў. І, галоўнае, усе іх песні ведалі на памяць! Бо падораную імі касету перапісалі ледзь не ў кожным доме - так рассмакавалі пастаўчане "прымакоўскую" творчасць. Падобныя гісторыя здараюцца заўсёды і паўсюль, з любым іх канцэртам, выступленнем у гала ці з выхадам чарговага альбома. А канцэртаў за час існавання калектыву было дадзена больш за 500! Сярод іх - выступленні не толькі на Агульнапольскім фестывалі "Беларуская песня", дзе "Прымакі" неаднойчы станавіліся пераможцамі, але і на нашым "Славянскім базары ў Віцебску", на "Дажынках" ды іншых форумах. Не выпадкова калектыў быў адзначаны Ганаровай граматай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь "За значны ўклад у справу захавання і развіцця беларускай культуры". Яшчэ больш узнагарод атрымалі "Прымакі" ў час цяперашняга прыезду. Юрый Астапчук быў ушанаваны нагрудным знакам Міністэрства культуры краіны "За ўклад у развіццё культуры Беларусі", ансамбль - Ганаровай граматай Міністэрства, а кожны з удзельнікаў - Падзякай міністра. -
Слухач для нас, - працягвае Юрый Астапчук, - на першым месцы. Мы яму давяраем і захоўваем у рэпертуары тое, што яму падабаецца. А ў Беларусь увогуле заўсёды прывозім самае-самае. І менавіта па вашай дасведчанай публіцы, у свой час узгадаванай на творчасці "Песняроў" і Уладзіміра Мулявіна, правяраем ацэнкі, дадзеныя нам на радзіме. Калі сыходзіцца "ў прыму" - значыць, мы на правільным шляху.
Фота Юрыя ІВАНОВА