Шэрагам цікавых паказаў адзначыцца кінапраграма "Славянскага базару..." у гэтым годзе. Пройдзе яна ў найстарэйшым кінатэатры краіны - віцебскім Доме кіно. Гледачы і ўдзельнікі фэсту змогуць убачыць самыя цікавыя стужкі, знятыя ў Беларусі, Расіі, Літве за апошні год, у тым ліку знакамітыя "Аўсянкі" Аляксея Фядорчанкі, трыумфатара мінулагодняга кінафестывалю ў Венецыі. Да ўсяго, ж віцябчане і госці фэсту будуць мець магчымасць паглядзець дзіцячыя карціны "Рыжык у Залюстэраччы" (Беларусь) і "Маша і мядзведзь" (Расія), мастацкія драмы "Вір" (Літва) і "Чалавек ля акна" (Расія), а таксама дакументальны праект беларускага рэжысёра Надзеі Гаркуновай "Базарны век".
Дзень 1 ліпеня стаў для "Беларусьфільма" не толькі пачаткам новага працоўнага паўгоддзя: нарэшце, быў прызначаны кіраўнік Нацыянальнай кінастудыі. Яе дырэктарам стаў добра вядомы ў свеце кіно кіназнаўца Алег СІЛЬВАНОВІЧ. Цягам пяці апошніх месяцаў Алег Ігаравіч узначальваў Дэпартамент па кінематаграфіі Міністэрства культуры краіны. Прызначэнне супала з уступленнем у дзеянне Указа Кіраўніка дзяржавы № 145 ад 14 красавіка 2011 г. "Аб некаторых пытаннях падаткаабкладання ў сферы культуры і інфармацыі". Згодна з гэтым дакументам, кінавытворчасць у нашай краіне атрымлівае шэраг значных падатковых ільгот і прэферэнцый. Так, прадугледжаны льготы на падатак на дадатковую вартасць, падатак на прыбытак, нерухомасць і зямельны падатак для арганізацый, якія займаюцца кінавытворчасцю і кінапракатам, спонсары ж кінавытворчасці атрымаюць падатковую льготу ў 10% на падатак на прыбытак. Рыхтуюцца змяненні ў "Закон аб кінематаграфіі" і іншыя заканадаўчыя акты, якія павінны зрабіць працу беларускіх кінематаграфістаў больш прывабнай, а дзяржаўныя датацыі ў гэтай сферы - больш эфектыўнымі.
Менавіта на новыя правілы, якія фактычна пачалі дзейнічаць у нашай краіне ў дачыненні да кінавытворчасці, выказаў вялікія спадзяванні міністр культуры Рэспублікі Беларусь Павел Латушка пад час прадстаўлення Алега Сільвановіча калектыву студыі. "Згодна з адобранай Прэзідэнтам краіны Канцэпцыяй развіцця нацыянальнай кінематаграфіі да 2014 года, адной з галоўных мэт з'яўляецца стварэнне ў сферы кіно канкурэнтаздольнага асяродзя. Указ Кіраўніка дзяржавы, што ўступіў у сілу, і шэраг іншых заканадаўчых захадаў, якія, як чакаецца, неўзабаве будуць зроблены, якраз накіраваны на тое, каб спрыяць павышэнню долі прыватных інвестыцый у кінавытворчасць і кінапракат, развіццю дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў сферы кіно, - падкрэсліў міністр. - Што да "Беларусьфільма", то ад яго новага кіраўніцтва чакаецца павелічэнне мастацкага і тэхнічнага ўзроўню прадукцыі студыі, яе большай жанравай рознабаковасці, запатрабаванасці айчыннага кіно гледачом у Беларусі і за межамі нашай краіны. Прыярытэтным у бліжэйшай будучыні мусіць быць і з'яўленне Нацыянальнага кінапраекта, які, зразумела, павінен прысвячацца нацыянальнай гісторыі і культуры. Дзяржаўныя выдаткі на кінавытворчасць павінны выкарыстоўвацца больш эфектыўна, чым раней. Чакаем мы і пашырэння супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі, у тым ліку тэлеканаламі. На "Беларусьфільм" трэба прыцягваць для працы моладзь. Нацыянальная кінастудыя павінна вярнуць сабе аўтарытэт у нашым грамадстве і дабіцца прызнання за мяжой".
Пасля цырымоніі прадстаўлення калектыву Алег Сільвановіч, ужо на новай пасадзе, адказаў на некалькі пытанняў карэспандэнта "К".
- Алег Ігаравіч, дазвольце павіншаваць вас з першым днём на новай пасадзе! Якім чынам плануецца будаваць стратэгію дзейнасці "Беларусьфільма", як студыя будзе развівацца: за кошт уласных праектаў або выступаць у ролі кінафабрыкі, што прапануе свае паслугі прадзюсарскім кампаніям?
- Канцэпцыя дзейнасці любой студыі - гэта яе "ноу-хау", якое звычайна не агучваюць... Таму на ваша пытанне магу адказаць так: студыя будзе працаваць, займаючыся ўсімі напрамкамі, у тым ліку прадастаўленнем паслуг іншым кампаніям, але свая якасная вытворчасць заўсёды павінна з'яўляцца прыярытэтам для Нацыянальнай студыі. Галоўная задача тут - павелічэнне колькасці ўласнай прадукцыі, якое можа быць дасягнута толькі з паспяховым развіццём дзяржаўна-прыватнага партнёрства ў кінематаграфічнай сферы, прадзюсарскага падыходу да вытворчасці стужак. У гэтым плане нам трэба не саромецца вучыцца ў расійскіх кінематаграфістаў ды спецыялістаў з іншых краін, дзе паспяхова ўжываюцца такія падыходы. Што да пэўных "рэцэптаў", то магу прывесці адзін, абсалютна дакладны: калі прыходзіць на працу кожны дзень на гадзіну раней, а сыходзіць - на адну-дзве пасля сканчэння працоўнага дня, то аддача ад тваёй дзейнасці рэзка павялічваецца, твае высілкі робяцца плённымі.
- Ці плануюцца пэўныя змены ў структуры самой Нацыянальнай кінастудыі?
- Што да калектыву, то рэзкія змены ў ім могуць аказацца надта крытычнымі для тых праектаў, якія ўжо запушчаны ў вытворчасць. Я ўпэўнены ў тым, што галоўны здабытак "Беларусьфільма" - яго супрацоўнікі. Зразумела, тыя, для каго кіно з'яўляецца не проста прафесіяй або сродкам заробку, а ладам жыцця. У дачыненні да кінастудыі нельга выкарыстоўваць тыя самыя "рычагі кіравання", як на звычайным прамысловым прадпрыемстве, таму што тут кожны член каманды дадае да агульнага выніку паліва сваёй крэатыўнасці. Я ведаю гэта дакладна, бо летась займаўся ў адным з павільёнаў "Беларусьфільма" фотаздымкамі для кінакалендара і бачыў, з якой ахвотай ды творчым натхненнем працаваў персанал. Наогул, супрацоўнікі кінастудыі - асобы творчыя, якім можна і трэба дараваць пэўную эмацыйную ўзбуджанасць, рэзкасць, бо разумееш: яны хвалююцца за вынік сваёй справы. Вось такія людзі і будуць працаваць на Нацыянальнай студыі надалей. Станем шукаць дадатковыя рэзервы ўнутры калектыву - далёка не ўсе яго члены расчараваны ў нашым кіно. Ёсць шмат людзей, гатовых стаць пад харугвы праекта "Новая кінастудыя "Беларусьфільм".
- Што будзе ўяўляць з сябе "новая кінастудыя "Беларусьфільм"? Ці чакае яе пэўны рэбрэндынг або структурныя змены?
- Структура Нацыянальнай студыі, схема яе кіравання будуць абавязкова змяняцца. Але казаць пра канкрэтныя змены можна будзе толькі праз некалькі месяцаў, калі дакладна стане вядома, на якія актывы яна можа разлічваць: не трэба забываць, што будынак рыхтуецца да актыўнай стадыі рэканструкцыі. Патрэбна зразумець таксама, на які асабісты патэнцыял супрацоўнікаў можна разлічваць. На "Беларусьфільме" няма "проста" супрацоўнікаў: кожны з іх - асоба, і, магчыма, гэтая асоба можа прэтэндаваць на нешта больш значнае, чым яна займалася да сённяшняга дня.
- Нацыянальная кінастудыя "Беларусьфільм" доўгія гады з'яўлялася сузаснавальнікам Мінскага Міжнароднага фестывалю "Лістапад". На пасадзе дырэктара Дэпартамента па кінематаграфіі вы ў апошнія месяцы займаліся падрыхтоўкай будучага кінафоруму, у тым ліку - пад час працы першага Нацыянальнага павільёна ў Кане. Якія змены чакаюць наш кінафестываль у гэтым годзе?
- Праца над падрыхтоўкай "Лістапада-2011" - у самым разгары. Так, у Кане мы займаліся, у тым ліку, прэзентацыяй нашага кінафоруму. Дакладная яго праграма будзе абнародавана бліжэй да адкрыцця, тым не менш, магу дакладна запэўніць нашых фестывальных аматараў, што такім, як у мінулым годзе, "Лістапад" ужо не будзе. Апошнім разам наш фестываль нагадваў, хутчэй, пасяджэнні нейкага кінаклуба, а не паўнавартаснае свята кіно ў беларускай сталіцы... Форум стане больш адкрытым для шырокай публікі, з шэрагам майстар-класаў сусветна вядомых кінематаграфістаў, з якімі кіраўніцтва фэсту вядзе перамовы. Лічу, што айчынны кінафестываль павінен быць прыцягальным, найперш - для творчай моладзі, бо ў ёй - будучае нашай нацыянальнай кінематаграфіі. Ад тых, хто сёлета прыйдзе на "Лістапад", будзе залежыць будучае і "Беларусьфільма". Хочацца спадзявацца, што яно будзе вартым нашага слаўнага кінамінулага!