- Пра любы канцэрт,- кажа Марына Генадзьеўна, - лепш казаць ужо пасля яго заканчэння, калі бачна, што - атрымалася, а што, можа не. Ды і каб не сурочыць! Бо адказнасць - найвялікая: фестываль, да ўсяго, юбілейны! Раздумваючы над канцэпцыяй, я якраз і зыходзіла з юбілейнай тэматыкі. Што такое юбілей? Гэта ж не толькі свята, а яшчэ і, хочаш ці не, "справаздача". 20 фестываляў, прычым штогодніх, без перапынку на "адпачынак", - гэта нейкая "адмеціна" на лёсе ўсіх, хто прымаў у іх удзел, і на лёсе краіны. У юбілей заўсёды з асаблівай кранальнасцю ставішся да часу. Не ў тым прагматычным сэнсе, што, маўляў, на падрыхтоўку часу не хапае, - не: у шырокім філасофскім разгорце.
Юбілей - гэта, найперш, час. Прычым адзначаны вельмі дакладна! Гэтую тэму Часу, яго хуткаплыннасці і, адначасова, вечнасці мне і хацелася ўзняць у канцэрце закрыцця. Не хочацца раскрываць усіх сакрэтаў, але вы ўбачыце і новых вядучых, і спецыяльна падрыхтаваныя да гэтага канцэрта нумары. А ўжо як атрымаецца - давайце абмяркуем пасля...