Арганізатарамі выстаўкі з'яўляюцца Міністэрства культуры краіны, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў і Беларускі саюз мастакоў.
Куратар экспазіцыі, заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі Уладзімір Кожух упэўнены, што стыпендыя вельмі стымулюе маладых творцаў, аднак грошы - не галоўнае ў гэтай падтрымцы дзяржавы. "Перш чым атрымаць стыпендыю, жывапісцы, графікі, скульптары, аўтары твораў ДПМ удзельнічаюць у адборы Беларускага саюза мастакоў, пасля - строгі конкурс у Міністэрстве культуры. Для творцаў важна вытрымаць гэтае спаборніцтва, паколькі яны таксама зацікаўлены ў грамадскім рэзанансе".
Па словах Уладзіміра Кожуха, у экспазіцыі шмат рэалістычных работ, але многіх цікавіць і нефігуратыўнае, умоўнае адлюстраванне рэчаіснасці. Урбаністычнай тэмай прасякнуты абстрактны твор жывапісца Аляксея Іванова, экспрэсіўныя палотны Галіны Конанавай напоўнены лірыкай. Таццяна Малышава прадставіла дэкаратыўныя работы са шкла, а Сяргей Саркісаў - плакат.