Паводле добрай традыцыі, сёлета былі агучаны вынікі апошніх даследаванняў вядомых навукоўцаў з Віцебска, усёй Беларусі і суседніх краін. Яны датычыліся як асобы знакамітага мастака, так і яго паслядоўнікаў-авангардыстаў.
Дырэктар Арт-цэнтра Людміла Хмяльніцкая зазначыла, што з вялікай цікавасцю ўспрымаліся аповеды прадстаўніка аднаго з выдавецтваў Санкт-Пецярбурга - Ісака Кушніра, які прэзентаваў альбомы жывапісу з серыі "Авангард на Няве". Гэты праект існуе цягам дзесяці гадоў, а ў яго выданнях адлюстраваны творы мастакоў некалькіх стагоддзяў, у тым ліку сучасных.
Сваё даследаванне пра творцаў парыжскай школы прадставіла дактарант Латвійскай акадэміі мастацтваў Наталля Яўсеева. Пазнаёміў з творцамі сучаснага горада і старшыня Шагалаўскага камітэта ў Віцебску Давід Сімановіч. Не пакінулі абыякавымі прысутных і фільмы пецярбургскага рэжысёра-дакументаліста Уладзіміра Камінскага. Яны дазволілі даведацца пра ўнікальных творцаў-авангардыстаў горада на Няве, якія працуюць са шклом, ствараюць гравюры.
С.Ю.
На здымку: Арт-цэнтр М.Шагала ў Віцебску.