У рабоце асамблеі ўдзельнічалі прадстаўнікі больш як 26 нацыянальных бібліятэчных кансорцыумаў з краін, якія развіваюцца, і краін з пераходнай эканомікай.
Як паведамілі ў НББ, асноўнай тэмай пасяджэнняў XI Генеральнай асамблеі асацыяцыі EIFL была праблема адкрытага доступу да інфармацыйных рэсурсаў. Такая тэхналогія з'яўляецца перспектыўным напрамкам для арганізацыі навуковых камунікацый у эпоху Інтэрнета. Асобная сесія была прысвечана падрыхтоўцы Тыдня адкрытага доступу, правядзенне якога запланавана на 18 - 24 кастрычніка.
На пасяджэннях абмяркоўваліся таксама праблемы каардынацыі дзейнасці бібліятэк і нацыянальных кансорцыумаў па пытаннях ліквідацыі інфармацыйнай няроўнасці і арганізацыі доступу да электронных інфармацыйных рэсурсаў у сферы навукі і адукацыі.
Прадстаўнікі шэрагу нацыянальных кансорцыумаў EIFL праявілі цікавасць да падыходаў, якія выкарыстоўваюцца ў Беларусі для арганізацыі сістэмы інфармацыйнага забеспячэння інавацыйнай дзейнасці.
Тым часам
На мінулым тыдні ў Нацыянальнай бібліятэцы Польшчы адбылося адкрыццё фотавыстаўкі "Нацыянальная бібліятэка Беларусі", якая ладзіцца цягам года ў шэрагу найбуйнейшых гарадоў Заходняй Еўропы. У прыватнасці, яна адбылася ў Італіі і Венгрыі, пра што "К" неаднойчы пісала.
Экспазіцыю адкрылі намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы Эва Патшэбніцкая і Часовы павераны ў справах Рэспублікі Беларусь у Рэспубліцы Польшча Андрэй Лазовік.