Намеснік старшыні Лідскага райвыканкама Яраслаў Мікавоз курыруе пытанні будаўніцтва. Ход падрыхтоўкі да "Дажынак-2010", паведамляе ён "К", знаходзіцца пад самым строгім кантролем. Рабочыя планёркі ладзяцца штодня. На 220 аб'ектах занята цяпер 4600 будаўнікоў з 60 арганізацый. Нягледзячы на спёку, усе работы вядуцца згодна з графікам.
Намеснік начальніка аддзела культуры Лідскага райвыканкама Марыя Еўтух паведаміла, што хлебаробскае свята пройдзе на лепшых сцэнічных пляцоўках. У першы яго дзень у Лідзе будуць адзначаны раённыя дажынкі. А ў рэспубліканскім мерапрыемстве будуць браць удзел каля сотні народных і ўзорных самадзейных калектываў Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы.
Намеснік дырэктара Гродзенскага каледжа мастацтваў, заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сяргейчык - галоўны рэжысёр "Дажынак2010". Хлебаробскае свята, на яго думку, вызначыцца маштабнасцю і жанравай разнастайнасцю. Дзея будзе ўтрымліваць элементы тэатралізацыі, эстрады, вакальнага, харэаграфічнага і цыркавога мастацтваў. У свяце мяркуецца задзейнічаць паўтары тысячы самадзейных артыстаў. Уладзімір Сяргейчык распавёў таксама, што гасцей "Дажынак-2010" чакае, сярод іншага, "Арт-кірмаш", які пройдзе ў Лідскім замку, і Горад майстроў, што разгорнецца вакол яго і будзе мець аж 18 "вуліц", дзе традыцыйнае мастацтва прадставяць 17 раёнаў вобласці і горада Гродна. А канцэпцыя свята, па словах галоўнага рэжысёра, зводзіцца да канкрэтнай высновы: "Гродзеншчына фестывальная - хлебаробам Беларусі".
Начальнік ідэалагічнага аддзела Лідскага райвыканкама Інеса Белуш распавяла "К", што ў ходзе падрыхтоўкі да хлебаробскага свята ў Лідзе з'явіліся такія тапонімы, як праспект Перамогі, вуліца Грунвальдская і бульвар князя Гедыміна. На перакрыжаванні вуліцы Ленінскай і праспекта Перамогі ўзнік помнік- стылізацыя гарадскога герба.
"Мемарыяльную" перадсвяточную тэму прадоўжыў намеснік старшыні Лідскага райвыканкама па сацыяльных пытаннях Антон Глаўніцкі. Пад час "Дажынак-2010" на новай плошчы ля РДК і райвыканкама будзе ўсталяваны помнік Хлебу. Як тлумачыць суразмоўца "К", цягам дзесяці дзён завершыцца яго адліўка. На пастаменце з'явіцца вялізны залаты сноп, а побач з ім размесціцца галоўная сцэна свята... Ліду гэтымі днямі ўпрыгожваў яшчэ адзін помнік - Тысячагоддзю хрысціянства. Стэла ўзнікла на перакрыжаванні вуліц Ленінскай і Машэрава. Цяпер вядзецца добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі.
На здымках: Лідскі РДК; работы вядуцца ў Лідскім замку.
Фота Лідзіі ЛАПШЫНОЙ