Было адзначана, што і на Гомельшчыне, і на Віцебшчыне сапраўды намеціліся пазітыўныя тэндэнцыі ў кінавідэаабслугоўванні насельніцтва, хоць, вядома, карэнная змена сітуацыі ў бок стабільнага паляпшэння — справа не аднаго года.Так, асноўнай праблемай на Віцебшчыне, дзе на працягу апошняга дзесяцігоддзя ў кінагаліне назіраўся, без перабольшвання, крызіс, з’яўляецца катастрафічная зношанасць матэрыяльнай базы: большасць кінатэатраў вобласці патрабуюць сур’ёзнага рамонту. І, варта заўважыць, што рамонт гэты ідзе. З пачатку года вернуты ў дзяржаўную ўласнасць і адрамантаваны віцебскі кінатэатр “Мір”, што быў здадзены ў арэнду прыватнаму прадпрымальніку, рамонтныя работы і мадэрнізацыя абсталявання прайшлі ці праходзяць у Лепелі, Наваполацку, Паставах, а да “Славянскага базару ў Віцебску” пракатчыкі рыхтуюць “сюрпрыз”: адрамантаваны кінатэатр “Спартак”, кінаэпіцэнтр фестывалю, ператворыцца ў Дом кіно.
Летась віцебскімі пракатчыкамі было набыта 39 стацыянарных і 9 перасоўных кінавідэапраекцыйных установак, амаль столькі ж — 39 стацыянарных і 8 перасоўных — будуць набыты сёлета. Гэта дазволіць цалкам выканаць паказчыкі па кінаабслугоўванні аграгарадкоў. Калі ж гаварыць пра рэпертуарную разнастайнасць, што прапануецца спажыўцам на месцах, дык сёлета ўжо набыты 42 фільмы на розных носьбітах (для параўнання: яшчэ пару гадоў таму гэтая лічба была меншая ў некалькі разоў). Праўда, сама па сабе колькасць вызначае яшчэ далёка не ўсё: прыкрае ўражанне выклікаў тойфакт, што Віцебскі абласны пракат “не заўважыў” айчыннай кінапрэм’еры, хаця яны ў нас здараюцца не так і часта, — стужкі “Спакуса” Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм”.
Гомельскі абласны кінавідэапракат выглядаў са сваімі паказчыкамі крыху лепш. І праца з айчынным кіно ідзе тут даволі актыўна, прычым не толькі шляхам прэм’ерных паказаў, але і з запрашэннем на творчыя сустрэчы нашых кінематаграфістаў. Дарэчы, як зазначыў С.Лаўрыненка, значную цікавасць у гледачоў, асабліва маладога пакалення, выклікала праграма, складзеная з кароткаметражных стужак выпускнікоў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.
У кінаабслугоўванні рэгіёнаў Гомельская вобласць выйдзе ў 2007 годзе на абсталяванне кінавідэапраекцыйнымі ўстаноўкамі практычна ўсіх заяўленых на сёлета аграгарадкоў. Кінапракатчыкі рыхтуюць сваім гледачам і сюрпрыз: да сёлетніх “Дажынак” у Рэчыцы адкрыецца пасля рэканструкцыі цудоўны кінатэатр, абсталяваны сістэмай “Долбі”.
Зайшла на калегіі і размова пра падрыхтоўку кадраў для кінагаліны, бо гэтая праблема на сённяшні дзень таксама досыць вострая. У прыватнасці, адносна Мінскага каледжа бытавога абслугоўвання, адзінай сярэдняй спецыяльнай навучальнай установы ў нашай краіне, якая рыхтуе для кінагаліны спецыялістаў “сярэдняга звяна” — кінамеханікаў і інжынераў, адзначалася, што большасць яго навучэнцаў — з Мінска ці з Мінскай вобласці. Каледж не мае свайго інтэрната, і таму нават тыя юнакі і дзяўчаты з глыбінкі, якія паступаюць у яго, не заўсёды могуць аплачваць прыватнае жыллё ў Мінску і часцей за ўсё пакідаюць вучобу менавіта з гэтай прычыны.
Што ж да падрыхтоўкі кінематаграфічных кадраў у ВНУ, то на ўсе дыскусіі адносна мэтазгоднасці адкрыцця кінафакультэта ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў яе рэктар Рычард Смольскі нагадаў, што працэс выхавання рэжысёраў і аператараў кіно — “эксклюзіўны” і што гэта справа не аднаго дня. Да таго ж, у творчасці, як і ва ўсіх іншых сферах, спрацоўвае знакаміты закон дыялектыкі, згодна з якім толькі колькасць пераходзіць у якасць. Не выпадкова ў Галівудзе, які здымае прыкладна 300 стужак у год, рэжысёрскі прафсаюз налічвае каля 5 тысяч чалавек. А гэта сведчыць пра тое, што здаровая творчая канкурэнцыя можа і павінна стаць зарукай павышэння якасці айчыннай кінапрадукцыі.
У адпаведнасці з рашэннем калегіі за справаздачны перыяд быў праведзены шэраг майстар-класаў і лекцый з удзелам расійскіх кінематаграфістаў.
Але, як зазначыў той жа Р.Смольскі, у справе падрыхтоўкі айчынных кінакадраў нам не варта спадзявацца на выпускнікоў расійскіх творчых ВНУ: яны, як правіла, застаюцца там, дзе ўмовы для іх больш спрыяльныя, — у Расіі. Прыкладам — хаця б тыя чатыры леташнія выпускнікі-беларусы, якія па заканчэнні ВГИКа не выказалі жадання шукаць “хлеба” на “Беларусь-фільме”.
Рэктар Беларускага дзяржаўнага універсітэта культуры і мастацтваў Ядвіга Грыгаровіч нагадала, што і універсітэт з 1996 года рыхтуе кадры для айчыннага кінематографа — кінадраматургаў і кінасцэнарыстаў, якія, дарэчы, аказваюцца надзвычай запатрабаванымі нашай кінастудыяй, тэлекампаніямі ды і замежнымі кінавытворцамі. Але на сённяшні дзень, на жаль, набор на гэтыя спецыяльнасці не ажыццяўляецца вось ужо тры гады.
Размова на калегіі, няхай сабе і самая прынцыповая, не ў стане вырашыць “адным махам” усе праблемы нашай кінавытворчай і кінапракатнай галіны. Але, як зазначалі прысутныя, на сённяшні дзень маецца даволі добрая Праграма адраджэння кінагаліны, і спакойнае, адказнае выкананне кожнага яе пункта можа праз некалькі гадоў не толькі істотна палепшыць сітуацыю ў гэтай галіне мастацтва, але і надаць ёй станоўчую дынаміку развіцця.
Наш кар.