Гэта сумесны праект Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і Маскоўскага дзяржаўнага культурнага цэнтра-музея У.С. Высоцкага “Дом Высоцкага на Таганцы”. Масквічы прадаставілі прадметны і аўдыёвізуальны шэраг, мінчане забяспечылі дызайн выстаўкі і істотна дапоўнілі яе ўласным экспазіцыйным матэрыялам.
Назвай выстаўкі стаў радок з песні Высоцкага “Братские могилы”, што прагучала, як вядома, у мастацкай стужцы Віктара Турава “Я родам з дзяцінства”, дзе адну з галоўных роляў выканаў Уладзімір Сямёнавіч. Зразумела, Высоцкага з Беларуссю лучылі і творчыя, і сяброўскія стасункі.
Выставачная канцэпцыя не прадугледжвае цэласнага аповеду пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Яе мэта — даць магчымасць сучасніку далучыцца да творчасці Высоцкага, які здолеў аб’яднаць у песнях і ролях думкі і пачуцці людзей розных пакаленняў і розных лёсаў. У экспазіцыі можна ўбачыць дакументы, вершы ў аўтарскіх і машынапісных тэкстах, відэахроніку, пачуць ваенныя песні Высоцкага, што няспынна гучаць з кружэлак і магнітафонных плёнак.
Адзін з раздзелаў выстаўкі прысвечаны Высоцкаму — акцёру тэатра і кіно. А цэнтральным экспанатам з’яўляецца, безумоўна, гітара Уладзіміра Сямёнавіча.
А.С.