Як адзначыў на прэс-канферэнцыі з нагоды фестывалю Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кубы ў Рэспубліцы Беларусь Альфрэда Ньевес-Партуонда, кубінскае кулінарнае мастацтва аб'ядноўвае ў сабе старадаўнія мясцовыя традыцыі, да якіх далучыліся ўплывы стараіспанскага, французскага, афрыканскага і амерыканскага народаў. А ў кожнай з краін Лацінскай Амерыкі праходзяць асобныя кулінарныя паядынкі, ёсць і агульнае спаборніцтва паміж імі, але беларусы змогуць упершыню адзначыць для сябе асаблівасці гэтага майстэрства. Чакаецца, што фестываль будзе мець працяг у наступныя гады, і маштаб яго пашырыцца. А айчынныя повары змогуць павысіць свой узровень дзякуючы парадам прафесійных спецыялістаў, якія займаюцца прыгатаваннем традыцыйных страў шмат гадоў. Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Венесуэлы ў Рэспубліцы Беларусь Амерыка Дыяс-Нуньес паведаміў, што кухня, напоі і музыка лацінаамерыканскіх народаў ствараліся на працягу стагоддзяў і набылі непаўторнае адценне, якое дазваляе заявіць пра велізарнае шматаблічча кантынента, што адлюстроўвае вясёлы і жыццярадасны тэмперамент народа.
На I Лацінаамерыканскім гастранамічным фестывалі ў Беларусі госці змогуць прадэгуставаць новыя стравы, новыя музычныя творы і танцы. Сапраўды, акрамя насычанай кулінарнай праграмы, жыхароў сталіцы чакае і праграма культурная. Цягам фестывалю ў месцах яго правядзення будзе гучаць музыка венесуэльскіх кампазітараў у выкананні струннага квінтэта, 24 лістапада ўсе зацікаўленыя змогуць пабываць на канферэнцыі, прысвечанай культуры кантынента, а 26 - адбудзецца дэманстрацыя фільма "Граць і змагацца" пра дзіцячыя аркестры Венесуэлы. У пятніцу і суботу венесуэльскія танцоры пакажуць майстэрства сальсы, а ў нядзелю будуць выступаць дзіцячыя калектывы.
На здымку (злева направа): Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кубы ў Рэспубліцы Беларусь Альфрэда Ньевес-Партуонда і Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Венесуэлы ў Рэспубліцы Беларусь Амерыка Дыяс Нуньес пад час прэс-канферэнцыі.
Фота Юрыя ІВАНОВА