Як адзначыў старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі генерал-лейтэнант Вадзім Зайцаў, важнасць мерапрыемства - у тым, што яно дазволіла праз дзесяткі гадоў родным даведацца пра лёс зніклых без вестак у гады Вялікай Айчыннай. Пад час сустрэчы былі перададзены копіі архіўных матэрыялаў з інфармацыяй пра даты смерці і месцы пахаванняў сваякоў загінуўшых. Гэта адбылося дзякуючы падпісанню дамовы паміж Камітэтам дзяржаўнай бяспекі і Аб'яднаннем "Саксонскія мемарыялы" аб сумесным вывучэнні архіўных дакументаў перыяду Другой сусветнай вайны. У выніку Беларусь стала ўдзельніцай міжнароднага даследчага праекта па знаходжанні інфармацыі аб лёсах ваеннапалонных. За гэты час беларускія даследчыкі апрацавалі каля 20 тысяч дакументаў, правялі апытанне нямецкіх грамадзян на наяўнасць у іх мясцовасці магіл савецкіх ваеннапалонных. Такім чынам, супрацоўнікі Цэнтральнага архіва КДБ і нямецкія спецыялісты сабралі звесткі больш чым пра тры тысячы воінаў з Мінска і вобласці. Важны і той факт, што, паводле слоў Пасла Германіі ў Беларусі Гебхарда Вайса, родным загінуўшых будзе аказана дапамога ў атрыманні нямецкай візы для наведаннямесцаў масавых пахаванняў.
Падрабязней пра пошукавы праект і лёсы воінаў-беларусаў чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў "К".