— Самай яркай, — падзяліўся ўражаннямі старшыня журы, народны артыст Беларусі Эдуард ЗАРЫЦКІ, — была малодшая група. Дзеці спявалі так непасрэдна і шчыра, што ім можна было дараваць нават некаторыя “дзіцячыя” пралікі. Як заўсёды, мала было хлопчыкаў: гэта “хвароба” ўсіх узроставых катэгорый і ўсіх конкурсаў. Але ўвогуле конкурс парадаваў. І не толькі тымі ці іншымі выступленнямі, але і самімі конкурснымі тэндэнцыямі. Мне даводзіцца быць удзельнікам ці сведкам розных падобных акцый, і з кожнай наступнай усё больш відавочна, што наша “дзіцяча-маладзёжная” эстрада набірае тэмп і, галоўнае, — якасць. Паляпшаюцца фанаграмы (адчуваецца, што над імі працавалі прафесіяналы), заўважным становіцца ўздзеянне педагогаў (сёння кожнае юнае дараванне мае магчымасць працаваць з выкладчыкам, з дзяцінства навучаючыся прафесійнаму стаўленню да голасу), больш патрабавальны выбар рэпертуару. Паводле конкурсных умоў, кожны павінен быў выбраць адну песню — па жаданні, без аніякіх абмежаванняў ці “абавязковай праграмы”. І што вы думаеце: усе кінуліся спяваць папулярную замежную эстраду? Не. У асноўным, абіралі нашы, беларускія песні. Адна толькі “Мама мая, Беларусія”, якую напісала Жанет, гучала тройчы. Вядома, пачуў я многа і “самаробных” песень, але зусім ужо “крымінальна-дваровых” не было. Усё ж, відаць, выхоўваецца патроху мастацкі густ. Сапраўды, ехаў я ў Дзяржынск засмучаны: як вытрымаць каля 70 песень запар? Але на конкурсе зразумеў: гэта зусім не “пакаранне” для журы — наадварот! Песні слухаліся літаральна “на адным дыханні”, я ніколькі не стаміўся: можа, аура там такая спрыяльная склалася? Але ж атмасфера любога конкурсу залежыць ад арганізатараў. А арганізацыя “Вясенніх рытмаў” — выдатная. Бывае, прыязджаеш на які-небудзь конкурс ці фестываль і бачыш, як арганізатары развіваюць “бурную дзейнасць”. Мяне гэта заўсёды насцярожвае, бо добрая арганізацыя — гэта калі яе не відно, калі фестывальная “машына” працуе быццам сама па сабе, без аніякіх намаганняў ці знешняга “пылу ў вочы”: усё зладжана, без аніякіх праблем, бо ўсе яны да пачатку свята былі вырашаны, спагадліва і добразычліва — папраўдзе ў дзелавых і адначасова эмацыйна прыўзнятых “вясновых рытмах”.