27 студзеня ў Палацы Рэспублікі плануецца выступ Кіраўніка дзяржавы з Пасланнем беларускаму народу і парламенту. Да гэтай падзеі будзе прымеркаваная адмысловая выстава “Адзінства. Памяць. Дасягненні”, якая прадэманструе пераемнасць Года народнага адзінства і Года гістарычнай памяці. Аснову экспазіцыі складзе комплекс прадметаў, звязаных з гісторыяй беларускай Канстытуцыі — тут будуць прадстаўленыя Канстытуцыі Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі 1919, 1927, 1937 і 1978 гадоў і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года са змяненнямі і дапаўненнямі 1996 і 2004 гадоў.
Асобны блок выставы мяркуецца прысвяціць барацьбе Беларусі за незалежнасць, ён ахопіць экспанаты, звязаныя з гісторыяй і культурай БССР і Заходняй Беларусі міжваенных гадоў, таксама тут будуць прадстаўленыя дакументы і асабістыя рэчы выдатных дзеячаў гэтага перыяду айчыннай гісторыі. Яшчэ адзін раздзел выставы прапанавана прысвяціць падзеям Вялікай Айчыннай вайны, а наступны блок — дасягненням БССР у пасляваенныя гады, побыту і прадукцыі прамысловасці Савецкай Беларусі. Адмысловыя блокі складуць экспанаты, звязаныя з касманаўтамі-беларусамі, дасягненнямі ІТ-сферы, медыцыны, архітэктуры і спорту. Таксама на планшэтах будуць дэманстравацца фільмы, прысвечаныя гісторыі кожнага са згаданых гістарычных перыядаў.