Ігар ЛУЦКІ, намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь:
“Культурны прадукт мусіць у першую чаргу спрыяць фарміраванню грамадзянскасці і патрыятызму”
(З выступлення)
— За мінулы год у сферы культуры было зроблена вельмі многае. Нягледзячы на эпідэміялагічную сітуацыю і іншыя цяжкасці, вы здолелі выканаць пастаўленую задачу і рэалізаваць на высокім узроўні культурныя праекты. Наша нацыянальная культура выконвае ролю захавальніка традыцый, ідэалаў і духоўнай спадчыны. Адказная місія па фарміраванні маральнасці грамадства ўскладзеная менавіта на прадстаўнікоў культурнай сферы. Наша самая галоўная задача — захаваць гісторыю, сфарміраваць сучасны культурны здабытак беларускага народа і перадаць падрастаючаму пакаленню звод маральных, этычных і эстэтычных каштоўнасцей. Мы бачым, наколькі гэта важна. Падзеі апошніх гадоў яшчэ раз нас пераконваюць у гэтым.
Дзяржавай створаныя ўсе неабходныя ўмовы для бесперабойнага і якаснага развіцця галіны. Найважнейшым дзяржаўным рэсурсам з’яўляецеся вы — граматныя і адданыя краіне спецыялісты. Шэраг пытанняў развіцця галіны знаходзіцца на асаблівым кантролі Адміністрацыі Прэзідэнта, гэта даручэнні Кіраўніка дзяржавы, уключаючы пытанні выяўлення творчай моладзі і стварэнне спрыяльных умоў для развіцця яе талентаў. Асаблівая ўвага надаецца развіццю кінагаліны. Пад пільнай увагай знаходзіцца ўдасканаленне сеткі ўстаноў культуры і падыходаў да бюджэтнага фінансавання тэатраў.
Неабходна забяспечыць суправаджэнне таленавітай моладзі на ўсіх этапах творчага шляху, і самае галоўнае — фарміраванне яе светапогляду і грамадзянскасці. Ужо з першага курса студэнт мусіць быць уключаны ў творчы і працоўны працэс. У моладзі — мільён культурных ініцыятыў. Калі маладыя звяртаюцца па дапамогу — не адштурхоўвайце, падтрымлівайце, дайце магчымасць рэалізавацца. З’явілася нешта неардынарнае, унікальнае — прыходзьце ў Адміністрацыю Прэзідэнта, мы акажам садзейнічанне ў рэалізацыі. Сёлета ў нас стаіць задача абнаўлення нарматыўнай базы па падтрымцы таленавітай моладзі, дакументы цяпер знаходзяцца ў распрацоўцы ў Савеце Міністраў.
Кіраўніком дзяржавы таксама пастаўленая задача звярнуць увагу на асобныя аспекты функцыянавання галіны, але не ў плане скарачэння фінансавання альбо аптымізацыі штатных адзінак ці ліквідацыі ўстаноў, а ў плане ўкаранення новых эфектыўных форм абслугоўвання насельніцтва і забеспячэння культурных дабротаў нават у самых аддаленых кутках нашай краіны.
Спадзяюся, што з улікам укаранення з 2022 года абноўленай сістэмы фінансавання тэатраў, кіраўнікі арганізацый больш асэнсавана і рацыянальна пачнуць ставіцца да грошай, з’явіцца стымул для рэалізацыі новых форм работы з насельніцтвам і стварэння праектаў, за якія глядач прагаласуе рублём. Культурны прадукт мусіць у першую чаргу спрыяць фарміраванню грамадзянскасці і патрыятызму, выконваць сваю функцыю ў сістэме работы з падрастаючым пакаленнем.
Кандыдаты на павышэнне па службовай лесвіцы і прэтэндэнты на атрыманне дзяржаўных узнагарод і заахвочванняў ад кіраўніцтва краіны разам з прафесійнай кампетэнтнасцю мусяць валодаць беззаганнай характарыстыкай, цвёрдай грамадзянскай пазіцыяй, забяспечваць здаровы маральна-псіхалагічны клімат у даручаным калектыве.
Ігар ПЕТРЫШЭНКА, намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь:
“Урадам прынятыя ўсе захады па забеспячэнні стабільнай работы галіны”
(З выступлення)
— Сёння мы падвялі вынікі няпростага для ўсіх, у тым ліку і для сферы культуры, года. Трэба адзначыць, што ў гэтых умовах галіна працавала ўстойліва, дынамічна і нават змагла палепшыць многія паказчыкі ў параўнанні з 2020 годам. Тэмп росту пазабюджэтных даходаў склаў 138,8%. Перавыкананы ўстаноўлены ўрадам нарматыў расходаў на культуру на аднаго жыхара — пры ўстаноўленым нарматыве ў паўтары базавыя велічыні, расходы склалі дзве базавыя велічыні, забяспечаны рост экспарту паслуг.
Урадам прынятыя ўсе захады па забеспячэнні стабільнай работы галіны. У рэспубліканскім бюджэце на 2022 год прадугледжана 156,8 мільёна рублёў на развіццё культуры, што на 11,6% больш, чым у 2021 годзе. У полі зроку знаходзяцца пытанні павышэння заработнай платы. Да 2025 года заработная плата работнікаў культуры будзе даведзеная да 80% ад сярэднерэспубліканскага ўзроўню. Не варта забываць і аб пазабюджэтных даходах, гэта крыніца дадатковага павышэння заработнай платы і матэрыяльнага стымулявання работнікаў.
У Год гістарычнай памяці хочацца абазначыць найважнейшую для сферы культуры тэму аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Гісторыка-культурная спадчына як канцэнтрацыя адлюстравання гістарычнай памяці з’яўляецца асновай фарміравання самасвядомасці беларусаў, дазваляе забяспечыць пераемнасць духоўных каштоўнасцей. На аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцей штогод вылучаюцца сродкі з фонду Прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва і ў рамках Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы. Таксама вылучаюцца сродкі на капітальныя і цякучыя рамонты. Толькі ў мінулым годзе за кошт усіх крыніц асвоена каля сямідзесяці дзевяці мільёнаў рублёў, у тым ліку каля сарака мільёнаў рублёў з рэспубліканскага бюджэту.
У той жа час ёсць аб’екты, якія адносяцца да гісторыка-культурных каштоўнасцей і маюць патрэбу ў правядзенні рамонтна-рэстаўрацыйных работ. Міністэрству разам з абласнымі выканаўчымі камітэтамі неабходна яшчэ раз правесці рэвізію гэтых аб’ектаў, вызначыць аб’ёмы, віды работ і крыніцы фінансавання на аб’ектах, якія патрабуюць прыняцця неадкладных захадаў, вызначыць аб’екты, да аднаўлення якіх можна прыцягнуць інвестараў. У Год гістарычнай памяці як ніколі актуальна выпрацаваць сістэмнае рашэнне, якое дазволіць захаваць нашу гістарычную спадчыну і цалкам выкарыстаць патэнцыял аб’ектаў.
У праекце закона, накіраваным на карэкціроўку Кодэкса аб культуры, прадугледжаная перадача паўнамоцтваў па прыняцці рашэнняў у дачыненні да гісторыка-культурных каштоўнасцей катэгорыі 3 на ўзровень абласных выканаўчых камітэтаў і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта. Гэта дазволіць спрасціць прыняцце рашэнняў аб правядзенні рамонтна-рэстаўрацыйных работ на нерухомых матэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцях, і, у пэўнай ступені, дэбюракратызаваць гэтую сферу дзейнасці.
Разам з тым Міністэрства культуры не мусіць застацца староннім назіральнікам у гэтым працэсе. Кожны аб’ект мусіць знаходзіцца на ўліку і кантролі, і адказнасць за яго стан міністэрства будзе несці ў роўнай долі з органамі мясцовай улады. На нарадзе, якая прайшла напрыканцы студзеня, мы дамовіліся, што ўсімі абласнымі выканаўчымі камітэтамі і Мінскім гарадскім выканаўчым камітэтам будуць распрацаваныя і зацверджаныя планы з пакрокавымі дзеяннямі па ўсіх аб’ектах гісторыка-культурных каштоўнасцей, якія знаходзяцца ў незадавальняючым стане. Неабходна прыкласці дадатковыя намаганні па захаванні аб’ектаў і недапушчэнні іх пашкоджання.
Кажучы аб правядзенні Года гістарычнай памяці, нельга не закрануць тэму работы музейных устаноў, як захавальнікаў і праваднікоў нашай гістарычнай спадчыны. Нездарма ў праект Канстытуцыі ўключаныя нормы аб забеспячэнні дзяржавай захавання гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. У наш час, калі робяцца спробы перапісвання гісторыі, скажэння і замоўчвання асобных эпізодаў той вялікай вайны, гэтая норма жыццёва неабходная. Мы павінны захаваць гістарычную праўду і данесці яе да нашчадкаў.
Такая задача пастаўленая Кіраўніком дзяржавы, і ў яе рэалізацыю мусяць уключыцца ўсе нашы музейныя ўстановы, пачынаючы ад вядучых і скончваючы школьнымі. Таму неабходнае выкананне імі, сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук, вядучай ролі па асвеце і распаўсюджанні ведаў і даставерных звестак і фактаў аб гістарычным мінулым нашай краіны, станаўленні і развіцці беларускай дзяржаўнасці. Гісторыя краю, гісторыя стварэння арганізацый і ведамстваў, унёсак вядомых землякоў, уся інфармацыя аб малой радзіме, якая збіраецца і захоўваецца рэгіянальнымі музеямі, таксама мусяць быць уключаныя ў экскурсійныя праграмы, пазнавальныя і іншыя разнастайныя праекты, што ладзяцца сумесна з установамі адукацыі.
У галіне кінематаграфіі задача застаецца ранейшай, але па-ранейшаму складанай — стварэнне і прамоцыя запатрабаванай айчыннай кінапрадукцыі. Існуе зацверджаны комплекс захадаў, нацыянальнай кінастудыі ў мінулым годзе аказаная падтрымка, якая дазволіла выйсці на станоўчыя вынікі фінансава-гаспадарчай дзейнасці. Высокія патрабаванні да зместу сцэнарыяў павінны забяспечыць стварэнне не проста забаўляльнага прадукта на адзін прагляд, а кінапраектаў з выхаваўчым грамадска-патрыятычным патэнцыялам, якія захочацца глядзець зноў і зноў.
Сёлета сваё 100-годдзе адзначыць Нацыянальная бібліятэка Беларусі. Мерапрыемствы, прымеркаваныя да гэтай даты, мусяць быць не толькі святкаваннем на нацыянальным і міжнародным узроўні, але і зрабіцца штуршком да ўдасканалення і развіцця бібліятэчнай сістэмы агулам. Сучасныя рэаліі патрабуюць паскарэння алічбавання бібліятэчных фондаў. Перавод у электронны фармат наяўных матэрыялаў дае магчымасць захаваць культурную спадчыну і, адначасова, падзяліцца ёй з чытачом. Алічбаваныя матэрыялы і каталогі дазваляюць не толькі аператыўна атрымліваць веды, але і пабачыць ды прачытаць тое, што адносіцца да закрытых бібліятэчных фондаў.
Выяўленне таленавітай моладзі, яе суправаджэнне і работа па раскрыцці здольнасцей — адзін са стратэгічна важных напрамкаў работы, які абумоўлівае развіццё ўсёй сферы культуры ў будучыні. Моладзь гэта наша галоўная каштоўнасць. Пошук яркіх абліччаў, новых вобразаў, моцных галасоў, свежых творчых ідэй мусіць ісці пастаянна.
Віктар ЛІСКОВІЧ, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці:
“Мы павінны не толькі разлічваць на дапамогу дзяржавы, але і самі ўмець зарабляць сродкі”
— З пункту гледжання заканатворчай дзейнасці я рэкамендаваў бы звярнуць увагу на работу над праектамі законаў і нарматыўных актаў, якія ўносяцца ва ўрад. Пры Савеце Рэспублікі па даручэнні Кіраўніка дзяржавы створаны экспертны савет, праз яго праходзяць найбольш важныя нарматыўныя акты. Хацелася б, каб яны былі найбольш поўнымі. Неабходна ўносіць тыя змены і выдаваць тыя нарматыўныя акты, якія будуць рэальна весці нас да мэты і не будуць ствараць перашкод.
Мы павінны не толькі разлічваць на дапамогу дзяржавы, але і самі ўмець зарабляць сродкі. Сёння мы таксама мусім быць прадстаўленыя ў сацыяльных сетках, каб мець магчымасць паказваць вынікі сваёй працы. Акрамя таго, трэба навучыцца ладзіць якасныя мерапрыемствы ў малых гарадах і аграгарадках, якія выклікалі б зацікаўленасць у мясцовых жыхароў, бо працаваць неабходна для ўсіх грамадзян нашай краіны, незалежна ад іх месца жыхарства.