Міністр праінфармаваў кіраўніцтва ведамства аб выніках нарады на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы, якая адбылася 6 студзеня і была прысвечаная пытанням Году гістарычнай памяці. Між іншага, была звернутая ўвага на неабходнасць стварэння дакументальных фільмаў, якія адлюстроўвалі б гістарычную праўду аб падзеях розных перыядаў мінуўшчыны. Гэтая работа мусіць мець планавы і пастаянны характар.
Зноў было ўзнятае пытанне аб патрэбе забяспечыць выкананне нормы аб прадастаўленні сямідзесяці працэнтаў эфірнага часу радыёстанцый для трансляцыі кампазіцый беларускіх выканаўцаў і музычных калектываў, прытым звяртаючы ўвагу таксама на якасць твораў, якія будуць прапанаваныя ўвазе слухачоў.
14 студзеня на базе Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу былі падведзеныя вынікі XV моладзевых Дэльфійскіх гульняў. Адбылася сустрэча міністра культуры Рэспублікі Беларусь Анатолія Маркевіча з членамі зборнай краіны, якія годна прадставілі Рэспубліку Беларусь на гэтых спаборніцтвах. У рамках урачыстага ўзнагароджання ганаровымі граматамі ўдзельнікам гульняў была таксама прапанаваная святочная праграма, экскурсія па палацавым комплексе і ўдзел у тэатралізаваным квэсце.
Застаецца дадаць, што ўдзел прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь у XV Моладзевых Дэльфійскіх гульнях дзяржаў — удзельніц СНД у 2021 годзе быў арганізаваны Міністэрствам культуры.
Спаборніцтвы адбыліся па 10 намінацыях: фартэпіяна, скрыпка, акадэмічныя, народныя і эстрадныя спевы, народны і сучасны танец, цыркавое мастацтва, народныя і духавыя інструменты. У гульнях прынялі ўдзел каля 700 дзеячаў мастацтваў высокага ўзроўню майстэрства ва ўзросце ад 10 да 25 гадоў, сфарміраваных у дэлегацыі ад краін Садружнасці.
Вынік удзелу Рэспублікі Беларусь: 33 узнагародныя дакументы (за 1, 2, 3 месцы — 15 узнагарод, дыпломаў — 18) і 2-е каманднае месца сярод удзельнікаў.