Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падпісаў закон “Аб генацыдзе беларускага народа”.
Як паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы, законам прадугледжваецца юрыдычнае прызнанне генацыду беларускага народа, учыненага нацысцкімі злачынцамі і іх памагатымі ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд (да 1951 года). Пад беларускім народам маюцца на ўвазе ўсе савецкія грамадзяне, якія пражывалі на тэрыторыі БССР у названы перыяд.
Адначасова ўстанаўліваецца крымінальная адказнасць за публічнае адмаўленне генацыду беларускага народа, напрыклад, праз размяшчэнне адпаведнай інфармацыі ў СМІ або ў інтэрнэце.
Рэалізацыя закона будзе садзейнічаць недапушчальнасці скажэння вынікаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама паспрыяе згуртаванасці беларускага грамадства.
Дарэчы будзе дадаць, што першую вялікую нараду ў новым годзе Аляксандр Лукашэнка правёў на тэму рэалізацыі гістарычнай палітыкі.
Прэзідэнт Беларусі заявіў, што Год гістарычнай памяці, якім у Беларусі аб’яўлены 2022-ы, пройдзе пад знакам захавання гераічнай спадчыны і праўды аб усіх перыядах жыцця беларускага народа.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, неабходна сістэматызаваць гістарычныя даследаванні, мемарыяльныя комплексы, вызначыць на перспектыву даты, падзеі, асобы, якія трэба ўвекавечыць, унесці карэктывы ў работу па патрыятычным выхаванні дзяцей і моладзі з апорай на факты гераічных подзвігаў нашых продкаў. “Сёння ўся гэта работа з’яўляецца адным з важнейшых напрамкаў забеспячэння нацыянальнай бяспекі краіны”, — падкрэсліў беларускі лідар.