У наступным годзе споўніцца 140 год з дня нараджэння народных паэтаў Беларусі Янкі Купалы і Якуба Коласа. Міністр даў даручэнне пільна падысці да падрыхтоўкі святкавання гэтых важных дат. Падчас выезду першага намесніка міністра культуры Валерыя Грамады і начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Ірыны Карповіч у філіялы літаратурных музеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа адбыліся сустрэчы з кіраўніцтвам гэтых устаноў, на якіх былі вызначаныя задачы, вырашэнне якіх неабходнае для прывядзення тэрыторыі філіялаў у належны выгляд да адзначэння памятных дат.
На радзіме Янкі Купалы ў Вязынцы да канца года мусіць быць завершаны рамонт страхі на адным з аб’ектаў, пазней таксама плануецца добраўпарадкаванне тэрыторыі, на якой у гонар 140-годдзя з дня нараджэння Песняра мяркуецца закласці новы фруктовы сад. Патрабуецца рамонт страхі на шэрагу аб’ектаў і ў Акінчыцах, дзе нарадзіўся Якуб Колас, а таксама ў Ластку і Альбуці, дзе будучы класік праводзіў свае дзіцячыя і падлеткавыя гады.