Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Нацыянальная бібліятэка Беларусі, суарганізатарамі — Нацыянальны цэнтр інтэлектуальнай уласнасці і Беларуская бібліятэчная асацыяцыя. У працы кангрэса вочна альбо дыстанцыйна ўзялі ўдзел больш за тры з паловай сотні дэлегатаў з Беларусі, Балгарыі, Германіі, Расіі і Украіны, вядучыя спецыялісты бібліятэк, архіваў, музеяў, выдавецтваў, адукацыйных, навукова-даследчых устаноў і арганізацый, прадстаўнікі заканадаўчай сферы і выканаўчай улады, вытворцы праграмнага забеспячэння, тэхнічных сродкаў, інфармацыйнай прадукцыі і прамысловага абсталявання для бібліятэк.
Асаблівая ўвага была нададзеная пытанням выкарыстання лічбавых тэхналогій і прадастаўлення чытачам доступу да анлайн-рэсурсаў, частка пасяджэнняў самога кангрэсу сёлета таксама транслявалася анлайн. Акрамя пленарнага, былі зладжаныя чатыры секцыйныя пасяджэнні, прысвечаныя лічбавай трансфармацыі і праектнай дзейнасці бібліятэк. Адбыліся таксама пасяджэнне Савета бібліятэк Беларусі па інфармацыйным узаемадзеянні і круглы стол, прысвечаны стварэнню калекцый дакументаў у лічбавым выглядзе. Удзельнікі кангрэса мелі магчымасць наведаць майстар-класы па алічбоўцы дакументаў і семінар, прысвечаны захадам па палягчэнні доступу сляпых і асоб з парушэннямі зроку ці з іншымі абмежаванымі здольнасцямі да апублікаваных твораў. Мяркуецца, што па выніках пасяджэнняў будзе апублікаваны зборнік матэрыялаў, у якім будуць змешчаныя больш за сорак дакладаў.
Выклікі новага часу
У сваім вітальным слове да ўдзельнікаў кангрэса міністр культуры Анатолій Маркевіч адзначыў, што сёння бібліятэчная сетка Беларусі налічвае больш за сем тысяч публічных і спецыяльных бібліятэк, агульны аб’ём фондаў якіх складае каля ста васьмідзесяці мільёнаў экзэмпляраў. Чытачом бібліятэк з’яўляецца кожны чацвёрты жыхар Беларусі, больш за сто тысяч чалавек карыстаюцца бібліятэкамі ў дыстанцыйным рэжыме праз іх інтэрнэт-старонкі.
Дырэктар Нацыянальнага цэнтра інтэлектуальнай уласнасці Уладзімір Рабаволаў у сваім выступе падкрэсліў, што менавіта ў сувязі з новымі пандэмічнымі абставінамі прадстаўнікі бібліятэк і стваральнікі інфармацыйных рэсурсаў надаюць асаблівую ўвагу пошуку кансэнсусу паміж агульнадаступнасцю інфармацыі і абаронай аўтарскіх правоў.
Пленарнае пасяджэнне кангрэса адкрыла генеральны дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Аксана Кніжнікава, даклад якой быў прысвечаны лічбавай трансфармацыі бібліятэк.
Адной з задач Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі” на 2021–2025 гады вызначаная інфарматызацыя і стварэнне нацыянальнага лічбавага кантэнту ў сферы культуры, у рамках якой мяркуецца стварэнне і развіццё электронных рэсурсаў бібліятэк як інфармацыйнай сістэмы для забеспячэння аддаленага доступу карыстальнікаў, мадэрнізацыя інфармацыйных сістэм і рэсурсаў, у тым ліку электроннага каталога бібліятэк Беларусі, удасканаленне тэлекамунікацыйнага і сканавальнага абсталявання бібліятэк, распрацоўка аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы кіравання электроннымі перыядычнымі выданнямі і прадстаўлення навуковых публікацый у міжнародных рэгістрах, стварэнне электроннага сховішча для пастаяннага захоўвання дакументаў бібліятэк Беларусі, а таксама алічбоўка фондаў музеяў, бібліятэк, аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны і кінафонду Беларусі.
Рэальная карысць
Стварэнне сістэмы лічбавай трансфармацыі бібліятэчнай галіны Беларусі прадугледжвае работу па чатырох асноўных напрамках. Гэта ўдасканаленне інфармацыйнай інфраструктуры, агрэгацыя нацыянальных інфармацыйных рэсурсаў, стварэнне адзінай нацыянальнай бібліятэчнай платформы, якая будзе, з дапамогай воблачных тэхналогій, кіраваць як друкаванымі, так і электроннымі рэсурсамі, а таксама ўкараненне новых фарматаў прафесійнага навучання і абнаўленне зместу адукацыйных праграм з мэтай перападрыхтоўкі спецыялістаў, якія будуць валодаць навыкамі і кампетэнцыямі ў галіне лічбавых тэхналогій.
Нацыянальная бібліятэка Беларусі актыўна працуе ў сферы стварэння і выкарыстання лічбавага кантэнту. Сёлета яна прадастаўляе доступ да ста трыццаці пяці баз звестак сарака найбольш вядомых і аўтарытэтных вытворцаў нацыянальных і сусветных інфармацыйных рэсурсаў, а таксама да сямнаццаці ўласных баз звестак, распрацаваных самой установай. Віртуальная чытальная зала Нацыянальнай бібліятэкі аб’ядноўвае больш за паўсотні арганізацый краіны.
Найвялікшым праектам, накіраваным на адлюстраванне бібліяграфічнай інфармацыі, з’яўляецца Зводны электронны каталог бібліятэк Беларусі, у якім прадстаўленыя каталогі чатырох найбуйнейшых бібліятэчных устаноў краіны. Таксама фарміруецца сістэма рэгіянальных зводных каталогаў, якая ўжо ахоплівае пяцьдзясят адну бібліятэку, і налічвае звыш трох мільёнаў восемсот тысяч запісаў. Фонд электроннай Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі налічвае каля шасцісот тысяч дакументаў.
Летась быў створаны анлайн-рэсурс, які аб’ядноўвае рукапісы сучасных беларускіх аўтараў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі. Сёлета быў прэзентаваны Дзяржаўны рэестр кніжных помнікаў Рэспублікі Беларусь, а таксама анлайн-энцыклапедыя “Беларусь у асобах і падзеях”. Леташняе часовае закрыццё доступу ў будынак бібліятэкі на два месяцы з прычыны неспрыяльнай эпідэмічнай сітуацыі прывяло да росту колькасці яе віртуальных карыстальнікаў на пяцьдзясят восем працэнтаў. Найважнейшай задачай у перспектыве бачыцца стварэнне нацыянальнай воблачнай платформы для бібліятэк Беларусі на базе Рэспубліканскага цэнтра апрацоўкі звестак.
Здароўе чытачоў перадусім
Быў агучаны даклад загадчыцы навукова-даследчага сектара бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Анастасіі Маслоўскай па выніках зладжанага сёлета ўвесну апытання бібліятэк Беларусі аб іх дзейнасці ва ўмовах пандэміі, у якім узялі ўдзел чатырыста трыццаць дзве ўстановы. Паводле вынікаў апытання, восемдзясят два працэнты бібліятэк у азначаны перыяд праводзілі сваю работу ў звычайным рэжыме. Каля паловы бібліятэк арганізавалі дастаўку літаратуры на дом, кожная трэцяя ўстанова адмяніла ўсе масавыя мерапрыемствы і абмежавала колькасць наведвальнікаў, якія адначасова маглі знаходзіцца ў памяшканні.
Больш за чвэрць бібліятэк пашырылі шэраг віртуальных паслуг і сэрвісаў, у кожнай пятай бібліятэцы праводзіўся маніторынг стану здароўя карыстальнікаў. У палове ўстаноў практыкавалі каранцін для літаратуры, каб пазбегчы перадачы віруса праз паверхню кніг, у траціне бібліятэк апрацоўвалі кнігі абеззаражвальнымі сродкамі.