— Які вобраз Беларусі мы хацелі б стварыць у свядомасці тых замежных турыстаў, якія ніколі ў нас не бывалі? — разважае дырэктар Нацыянальнага агенцтва па турызме Павел Сапоцька. — У першую чаргу гэта самабытная краіна ў самым цэнтры Еўропы. У яе багатая гісторыя і глыбокія міжэтнічныя традыцыі. Велічныя храмы, музейныя скарбніцы, аўтэнтычная народная культура… Вядома, нам можна ганарыцца і прамысловымі аб’ектамі — тым больш многія з іх сёння прапануюць шыкоўныя экскурсіі. Мы таксама іх прасоўваем: убачыць, як робяць легендарныя цягачы МАЗ, вельмі цікава — балазе іх добра ведаюць у розных кутках планеты.
Да таго ж суразмоўца перакананы, што розныя прыярытэты можна сумясціць прама ў рамках адной паездкі. Падстаў наведаць цікавыя мясціны Беларусі даволі шмат, і зусім няважна, якая менавіта з іх стане вызначальнай.
Вядома ж, у Беларусь варта прыехаць, каб убачыць унікальныя творы маці-прыроды — самыя старажытныя ў Еўропе лясы, сотні выдатных азёр (прычым кожнае са сваім характарам), і, вядома, эксклюзіўную беларускую фішку: балоты! Яе ўжо ацанілі не толькі тысячы бердуотчараў або аматараў экстрыму з усяго свету, але і проста тых, каму падабаецца цішыня, якая парушаецца толькі клёкатам жураўлёў, і мудрагелістая прыгажосць першароднай прыроды.
Турыстаў чакае і знаёмства з унікальнымі помнікамі культуры. Беларусь заўсёды была на памежжы ўсходу і захаду, і скрыжаванне гэтых традыцый спарадзіла сотні непаўторных з’яў. Мірскі замак, які нярэдка трапляе ў рэйтынгі самых прыгожых цвярдыняў Еўропы, — гэта, вядома, візітоўка і брэнд. Але не варта дзівіцца, калі шэдэўр творчай думкі раптам адшукаецца і ў самай звычайнай беларускай вёсачцы.
Некранутая прыродная прыгажосць арганічна спалучаецца з выдатнай сучаснай інфраструктурай. І няма вялікай розніцы, дзе вы спыніцеся — у буйным гатэлі або маленькай сямейнай аграсядзібе. У любым выпадку на ўзровень камфорту скардзіцца не давядзецца.
— Сельскія сядзібы — а іх у нас ужо больш за тры тысячы — прапануюць не толькі адпачынак на ўлонні прыроды, але яшчэ і паўнавартаснае яднанне з нацыянальнай культурай, — перакананы Павел Сапоцька. — Іх гаспадары, як правіла, людзі выдатныя: яны культывуюць народныя промыслы, старажытныя абрады, ведаюць тыя гісторыі, пра якія ні ў адной кнізе не прачытаеш… Знаёмяць гасцей, вядома, і з кулінарыяй — а гэта важная частка нашай нематэрыяльнай спадчыны. Прычым кожная сядзіба спецыялізуецца на нечым сваім. Дзесьці пачастуюць хлебам па ўнікальных рэцэптах, дзесьці пракоцяць на канях мясцовай пароды, дзесьці навучаць гуляць на дудзе — нашай дудзе. Замежныя госці ад гэтага проста ў захапленні!
Знаёмства з прыродай і культурай, вядома ж, можна сумясціць з аздараўленнем. Беларуская медыцына зарэкамендавала сябе яшчэ ў савецкі перыяд — і з таго часу яе ўзровень значна вырас. Санаторыі, якія прапануюць найшырэйшы спектр паслуг, круглы год прыцягваюць у нашу краіну многія тысячы гасцей. Паспейце забраніраваць месца: іх часта не хапае!
Ну і нарэшце мы заўсёды памятаем пра сваё гераічнае мінулае і хочам, каб пра яго помнілі ды ведалі і іншыя. Падзеі Вялікай Айчыннай вайны самым непасрэдным чынам закранулі нашу краіну. Адзін подзвіг абаронцаў Брэсцкай крэпасці пра многае раскажа любому турысту, дзе б ён ні нарадзіўся.
— У цяперашніх умовах нам важна пераарыентаваць рынак на новыя напрамкі, — кажа прадстаўніца Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь Ірына Брынкевіч. — І асаблівыя стаўкі мы робім на краіны СНД. Нас аб’ядноўвае агульнае мінулае, нам лёгка знайсці агульную мову, няма асаблівых культурных бар’ераў. Нядзіўна, што там дагэтуль цікавасць да Беларусі даволі адчувальная. Уяўляеце, колькі жыхароў з розных краін СНД так ці інакш звязаны з Беларуссю? Не злічыць! Хтосьці служыў тут у войску, хтосьці працаваў у ранейшыя савецкія часы... І з таго часу засталіся цёплыя ўспаміны. Пагадзіцеся, гэта цудоўны стымул наведаць месцы сваёй маладосці, паказаць іх дзецям.
— Людзі згаладаліся па вандроўках, па тых эмоцыях, якія яны нам дораць, — канстатуе Ірына Брынкевіч. — Можа, таму цікавасць да нашых рэкламных мерапрыемстваў адчувальная. Вядома, адна справа ўбачыць на малюнку ці экране, а іншае — на свае вочы. Але падарожнічаючы віртуальна, людзі нібы рыхтуюць сябе да рэальнай сустрэчы з тымі месцамі. Гэта і для іх прыемна, і нам карысна: нездарма ж гавораць пра адкладзены маркетынгавы эфект.
На фота: Адна з аграсядзіб Беларусі, Нясвіжскі замак, Мірскі замак.