— 27 жніўня адбыўся Форум работнікаў устаноў адукацыі ў сферы культуры. На падобнага кшталту мерапрыемства педагогі галіны збіраліся ўпершыню. Што асабліва запомнілася ўдзельнікам?
Людміла Аніскіна, дырэктар Навагрудскай дзіцячай школы мастацтваў:
— Нашу школу на Форуме прадстаўлялі я і яшчэ тры педагогі. Уражанні ад мерапрыемства самыя пазітыўныя. На Форуме, з майго пункту гледжання, уздымаліся сапраўды актуальныя пытанні. Адно з іх, якое тычыцца і ўзнікаючай у нас праблематыкі, — магчымасць працягваць выпускнікам школы мастацтваў вучобу яшчэ адзін год перад паступленнем на другую ступень адукацыі. Гэта актуальна, калі вучань выпускаецца са школы мастацтваў, а ў сярэдняй школе яму патрэбна скончыць яшчэ клас, і бывае досыць часта. Цяпер жа выпускніку можна будзе вучыцца без праблем яшчэ год у школе мастацтваў, каб не губляць свае навыкі. Многа на Форуме гаварылася пра другую ступень адукацыі ў сферы культуры, пра тое, што трэба захаваць яе прэстыжнасць і якасць. Падкрэслівалася, што гэта і наша задача, накіроўваць туды здольных і падрыхтаваных вучняў. Даводзілася, што самая вялікая ўвага будзе надзяляцца забеспячэнню музычных школ інструментамі, а таксама падрыхтоўцы наладчыкаў і гукааператараў. Адбылося ўзнагароджванне лепшых работнікаў нашай галіны, а святочны канцэрт уразіў высокім мастацкім узроўнем.
— У гэту суботу, 4 верасня, на Шчучыншчыне пройдзе фестываль фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”. Што на ім адбудзецца?
Сняжана Куратчык, намеснік начальніка Кіравання культуры Гродзенскага аблвыканкама:
— Задачамі фестывалю з’яўляюцца захаванне нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзеншчыны, адраджэнне і развіццё лепшых традыцый нацыянальнай культуры, далучэнне да іх шырокіх слаёў грамадства, выяўленне самабытных носьбітаў беларускага фальклору, далучэнне дзяцей і моладзі да гісторыка-культурнай спадчыны краіны. Фестываль адбываецца адзін раз у два гады і праводзіцца ў два туры: адборачны і другі тур, заключныя мерапрыемствы пройдуць у гэту суботу. Для удзелу ў другім туры журы адабрала лепшыя фальклорныя калектывы і індывідуальных выканаўцаў, майстроў народнай творчасці. Па выніках іх выступленняў вызначаць лаўрэатаў у наступных намінацыях: аўтэнтычны фальклорны гурт, дарослы і дзіцячы фальклорныя ансамблі, фальклорны інструментальны ансамбль, індывідуальныя выканаўцы (народная проза, сольныя спевы, дуэты, інструментальная творчасць), фальклорны танцавальны калектыў. Чакаем усіх на свята!
— У Капылі сёлета пройдзе Дзень беларускага пісьменства, а ўжо 5 верасня эстафету на правядзенне гэтага свята ў наступным годзе прыме Добруш. Як рыхтуецца горад да будучай урачыстасці?
Алена Раздуева, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Добрушскага райвыканкама:
— Хаця да правядзення Дня пісьменства ў нас яшчэ ёсць час, мы ўжо адрамантавалі Палац культуры, Дом культуры, бібліятэку. Правялі сапраўды вялікую працу. Цяпер ідзе конкурс эскізаў на выраб помніка нашаму земляку Івану Шамякіну, які плануецца ўсталяваць да Дня пісьменства. Таксама ў нашых жыхароў ёсць магчымасць самім паўдзельнічаць у арганізацыі свята, прапанаваўшы свае ідэі. Добруш — сапраўды годнае месца для правядзення Дня пісьменства, тут прыгожыя краявіды, прырода, яго называюць яшчэ “беларускай Венецыяй”. Таму ў наступным годзе мы зробім усё магчымае, каб парадаваць мясцовых жыхароў і гасцей.