Буйны паўтарыгадзінны твор з’яднае некалькі калектываў: Дзяржаўны сімфанічны аркестр і Дзяржаўны камерны хор Беларусі, а таксама Мітрапалічы хор Свята-Духоўнага кафедральнага сабора. Чытальнікам выступіць протаіерэй Іаан Задарожын, салістамі — лаўрэат міжнародных конкурсаў Уладзіслаў Вітушка, студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Наталля Толсцік і Руслан Маспанаў. Звядзе ўсе гэтыя лініі-фарбы ў адзінае палатно галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік згаданага аркестра, народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў.
— Рэпетыцыйны працэс набліжаецца да завяршэння, — распавёў напярэдадні падзеі Аляксандр Міхайлавіч. — Гэты фундаментальны твор сумяшчае царкоўныя каноны, што выяўляюцца найперш у тэкстах, са свецкімі традыцыямі. У прыватнасці, гэта зварот да аркестра, што, як вядома, не прынята ў праваслаўных харавых партытурах. Акрамя таго, у канцэрце прадугледжана выкарыстанне відэашэрагу. Аўтар называе свой твор “першым праваслаўным рэквіемам”, і гэта сапраўды так. Музыка вельмі глыбокая і сардэчная, у ёй многа адухоўленасці і святла. Бо яна не проста звернута да балючай тэмы Чарнобыля, а прысвечана тым людзям, якія абаранілі нас сваім подзвігам.