Проста Марыя
Пэўна, пазней Міхал Клеафас не аднойчы ўспамінаў тую сваю паездку ў Венецыю. Пасля хаосу на радзіме яго сустрэў улагоджаны горад на вадзе. Гандальеры з доўгімі вёсламі павольна кіравалі гандоламі. Сляпіла паўднёвае сонца. Карчма змянялася карчмой. Вядома, гэта было зусім іншае, кантраснае жыццё.
У прынцыпе, выпадкова ён мог бы сустрэцца з ёй ужо і тады, мог проста прайсці міма па вуліцы ці нават коратка нешта запытацца. Але лёс меў свае планы наконт месца і часу іх ключавой сустрэчы...
Яе звалі Марыя Нэры, дакладней, проста Марыя. Яна жыла ў Венецыі і дапамагала свайму бацьку гандляваць у карчме. У адзін з дзён 1795 года з ёй пазнаёміліся два замежніка — Каэтан Нагурскі і Тадэвуш Вісагерд. Гэта былі колішнія інсургенты, беглыя людзі, якія пакінулі сваю краіну. Хутчэй за ўсё, яна нічога не ведала ні пра далёкаю краіну, да якой належалі гэтыя людзі, ні пра абставіны, якія прымусілі іх прыехаць у Венецыю. Але Марыя валодала нейкай дзіўнай моцнай харызмай, настолькі моцнай, што адзін з іх — Тадэвуш Вісагерд — таемна прапанаваў ёй з’ехаць у Фларэнцыю, а другі — Каэтан Нагурскі — іх там потым адшукаў і выклікаў свайго земляка на дуэль. Прымірыліся былыя інсургенты толькі пасля таго, як Тадэвуш Вісагерд адмовіўся ад Марыі.
Тым часам памірае Кацярына II, і яе сын Павел I вяртае некаторым былым інсургентам правы на карыстанне маёмасцю. У іх лік трапляе і шляхціц Каэтан Нагурскі, які становіцца вельмі багатым чалавекам. Ён бярэ з сабой венецыянку і накіроўваецца на радзіму, у Вільню. Праўда, па дарозе Нагурскі вырашае, што яна яму не пара: з замашкамі простай дзеўкі, зусім не выхаваная, мовы не ведае. Ён відавочна залежыць ад таго, што скажа і падумае пра яго выбранніцу радня і шляхта. Каэтан пакідае Марыю ў Варшаве, наймае гувернантак, дае грошай і запэўнівае, што забярэ яе, як толькі будзе магчымасць.
Мабыць, яна ўсё-такі моцна апякла яго сэрца, таму што ўжо ў Вільні Нагурскі просіць свайго знаёмага Апалінарыя Мараўскага — чалавека спрытнага і вопытнага — наведаць Марыю... Мараўскі прывозіць яе ў Вільню, і ў Нагурскага адымае мову. Ён бачыць перад сабой грацыёзную жанчыну ў вытанчанай сукенцы, з пачуццём уласнай годнасці.
Нагурскі жэніцца на ёй, ці, як пісалі сучаснікі, яму дапамагаюць ажаніцца з гэтай мэтанакіраванай жанчынай. Грымаса лёсу заключалася ў тым, што ў той час колішні інсургент быў ужо цяжка хворы — жорсткая хвароба, якую ён называў чорнай жаўтухай, — забівала яго дзень за днём... Прайшло некалькі месяцаў, і маладая ўдава Марыя дэ Нэры-Нагурская ўспадкавала 400 тысяч злотых і дзве літары паміж яе імем і прозвішчам, якія паказвалі на яе шляхецкае паходжанне.
Час — вечны шахматыст
Між тым час, гэты вечны шахматыст, працягваў гуляць сваю партыю не толькі са звычайнымі людзьмі, але і з тымі, хто лічыў сябе людзьмі незвычайнымі.
Карсіканец Напалеонэ Буонапартэ ў 1796 годзе крыху падкарэктаваў сваё імя і прозвішча на французскі манер і стаў называцца Напалеонам Банапартам. Гэтым жа годам улады Францыі даверылі яму ўзначаліць войска, якое ў Італіі вокамгненна прадэманстравала шырокі крывавы крок новага камандуючага. Праз некалькі гадоў гэты чалавек возьме ўжо ўсю паўнату ўлады не толькі ў Францыі, але і амаль ва ўсёй Еўропе.
Адбыліся перамены і ў Расіі. У 1801 годзе «раптоўна пайшоў з жыцця» Павел I. Адным з непасрэдных сведкаў гэтага сыходу быў той самы гановерскі генерал ад кавалерыі на рускай службе Лявонці Бенігсэн. Менавіта ён некалі меў гонар сустрэцца ў баі з князем Агінскім пад Івянцом, недалёка ад Валожына.
Пасля 1795 года Бенігсэну даравалі ў валоданне буйныя маёнткі і 1080 душ у Слуцкім павеце Мінскай губерні, а ў 1801 годзе яго ўжо прызначылі Літоўскім генерал-губернатарам. У Вільні генерал-кавалерыст і пазнаёміўся з багатай удавой Марыяй дэ Нэры. Магчыма, інфармацыю аб вяртанні Агінскага на радзіму Марыя ўпершыню і пачула ад Бенігсэна. У іх склаліся блізкія адносіны, і чыноўнік такога ўзроўню, зразумела, не мог не ведаць, што ў Гродне былы дыпламат ВКЛ Міхал Клеафас Агінскі прысягнуў новаму цару Аляксандру I і там жа атрымаў новы пашпарт...
Вяртанне і сустрэча
Без малога 8 гадоў бадзяўся Міхал Клеафас на чужыне. Грошай у яго практычна не было. На ранейшую ўласнасць быў накладзены секвестр. У канцы 1801 года ён едзе ў Маладзечна, да свайго дзядзькі Францішка Ксаверыя. Дзядзька дорыць пляменніку надзею на будучыню: магчымасць атрымаць у кіраванне свае землі і маёмасць. Справа заставалася «за малым»: Міхал Клеафас павінен быў стаць апекуном свайго старога дабрадзея. Праўда, абставіны складваліся такім чынам, што толькі ў рускай сталіцы, у Аляксандра I, ён мог вырашыць гэтае пытанне станоўча. І Агінскі яго вырашыў.
Магчыма, рашэнне гэтага пытання агаворвалася і з Марыяй дэ Нэры — з жанчынай, прыродная спрытнасць якой у той час ужо дазваляла разбірацца ў нюансах чужой краіны. Два героі, якія доўга ішлі насустрач адзін да аднаго з розных краін, нарэшце, сустрэліся. Гэта здарылася ў канцы 1801 года, у Вільні, на Нямецкай вуліцы, у доме А. Мілера. Міхал Клеафас быў запрошаны ў гэты дом, выконваў свае творы. Акрамя іншых запрошаных слухалі іх і Бенігсэн з Марыяй. Думаецца, старыя знаёмыя Бенігсэн і Агінскі не маглі не абмяняцца з’едлівымі словамі... Агінскі ўжо быў абаронены апекай Аляксандра I, Бенігсэн гэта, зразумела, ведаў, таму межаў прыстойнасці ў гутарцы не пераходзілі. Але асабістая непрыязнасць паміж імі ўсё-такі засталася — больш за тое, Марыя Нэры яе ўзмацніла. Яна запрасіла абодвух мужчын да сябе ў будуар. Але Міхалу Клеафасу прызначыла час крыху раней. Бенігсэн, які прыйшоў пазней, усё ўбачыў, зразумеў, пачырванеў, стукнуў абцасамі і рэціраваўся.
Перыпетыі лёсаў
Неўзабаве Агінскі развёўся з жонкай Ізабэлай Лясоцкой (у іх на той час было ўжо двое дзяцей), ажаніўся з венецыянкай і пачаў уладкоўваць маёнтак у Залессі, пад Смаргонню. Праз некалькі гадоў яго стануць называць “Паўночныя Афіны”. Там былі і аранжарэя, і бровар, і вытанчаныя аргамакі ў канюшні, і млын, і парк з альтанкамі, і звярынец, і вадаспад, і Лебядзіная выспа... Рукотворны рай на роднай зямлі. Князь жыў там з Марыяй дэ Нэры з 1802 па 1822 гады, час ад часу наязджаючы ў Пецярбург і Вільню. Атрымаў званне расійскага сенатара і тытул тайнага дарадцы Аляксандра I. Настойліва звяртаў увагу рускага імператара на традыцыі, законы і ўмовы жыцця народа, да якога адносіў і сябе. Фактычна ён быў абаронцам, мецэнатам, абярэгам сваёй зямлі цэлых 20 гадоў... Распрацаваў праект, які прадугледжваў аўтаномію Вялікага Княства Літоўскага ў складзе Расійскай імперыі, вядомы пад назвай план Агінскага.
І калі б не Напалеон… Па ацэнцы некаторых даследчыкаў, да 1812 года Аляксандр I яшчэ мог схіліцца да прыняцця праекта аўтаноміі Вялікага Княства Літоўскага. Але Напалеон перайшоў Нёман і рушыў на Маскву...
Міхал Клеафас быў тады ў Пецярбургу, і, можа, з горкай прыкрасцю назіраў за драмай, якая перакрэслівае ўсе яго планы, праекты і ілюзіі.
Ці ўспамінаў Агінскі ў тыя дні пра сваю сустрэчу ў 1807 годзе з Напалеонам на віле Пізані ў Стра, недалёка ад Венецыі? Несумненна. Агінскі прыехаў туды разам з Марыяй, не без ведама рускага цара. Нэры нават вальсавала з Напалеонам. Але імператар Францыі быў здзіўлены, калі ўбачыў на грудзях Міхала Клеафаса ўзнагароду Рэчы Паспалітай — Ордэн Белага Арла. “Рускі цар дазваляе нам насіць старые ўзнагароды, — патлумачыў князь. — Ён робіць гэта ў знак павагі і прызнання таго, што мы змагаліся за сваю радзіму”.
Зайшла тады гаворка і пра Тадэвуша Касцюшку, якому Напалеон прапанаваў узначаліць Варшаўскае герцагства. “Але вельмі хутка я зразумеў, — сказаў французскі імператар, — што Касцюшка, мякка кажучы, знаходзіцца ў не прытомнасці... Ведаеце, што мне адказаў ваш брыгадны генерал? “Я вам не веру і не хачу быць зброяй у вашых руках!”
Гісторыя пацвердзіла правату пазіцыі Тадэвуша Касцюшкі. Той, хто своечасова не зразумеў сапраўдных намераў Напалеона і яго апантанага экспансіянісцкага характару, зрабіўся гарматным мясам...
Напалеон чамусьці лічыў, што як толькі ён дойдзе да Масквы, рускія самі аддадуць яму сімвалічныя ключы ад горада, бо раней гэта адбывалася ў заваяваных гарадах Еўропы. Але рускія змоўклі, перапынілі з ім усякую дыпламатычную сувязь. Рухацца наперад, да Пецярбурга, французскі імператар ужо не мог: у яго не было ні фуражу, ні фурманак, ні належных боепрыпасаў. І ён пачаў сваё бясслаўнае найцяжкае адступленне, калі холад намёртва прыкоўваў незлічоных французскіх салдат да чужых дарог, а голад прымушаў іх есці не толькі паўшых коней... Падчас пераправы на Бярэзіне яму зладзілі сапраўднае пекла, нездарма да гэтага часу французы кажуць “гэта — Бярэзіна!“ у значэнні “крах, жах”. Усё ж такі перабраўшыся на заходні бок ракі, Банапарт дабраўся да Маладзечна і... спыніўся ў сядзібе графа Францішка Ксаверыя Агінскага — таго самага дзядзькі Міхала Клеафаса. Напалеон папракнуў старога тым, што яго знакаміты пляменнік знаходзіцца ў Пецярбургу, з Аляксандрам I. І дзядзька Францішак яму адказаў: “Вы не маеце аніякіх правоў для патрабаванняў, месье... Вы, французы, прыйшлі і пойдзеце, а нам тут жыць са сваімі суседзямі...”
Разлад
Усё больш аддаляцца адзін ад аднаго Міхал Клеафас і Марыя Нэры сталі пасля 1806 года. У іх былі агульныя дзеці, але злыя языкі пагаворвалі, што апрача дачкі Амеліі астатнія спадчыннікі не маюць прамога дачынення да князя. Можа быць, смерць маленькай дачкі Сафіі таксама адыграла тут сваю чорную ролю. Як бы там ні было пачуцці ўсё больш астывалі, страсці міналі. Яе характар камянеў і наліваўся цяжарам з-за перажытых крыўд, няпростага выбару, які яна, чужаземка, павінна была рабіць даволі часта. Сучаснікі пісалі, што ў Залессі дзёрзкая італьянка не саромелася гаварыць пра свае стасункі з досыць высокімі асобамі, партрэты якіх былі развешаны ў сядзібе. Несумненна, акрамя ўсіх астатніх якасцяў, якія дазволілі гэтай неардынарнай жанчыне дасягнуць вышынь у чужой краіне, яна валодала і тым, што па-рускі вызначаецца як “манкость”. І яшчэ, падобна, Марыя разумела, што вяртанне да ВКЛ немагчыма, што гісторыя на птушцы-тройцы ляціць у іншы бок. А князь усе спрабаваў прымірыцца з непазбежнасцю страты роднага звыклага асяроддзя, і змагаўся з гэтай непазбежнасцю.
Зрэшты, бліжэй да 1820 года Міхал Клеафас таксама ўсё зразумеў. Ва ўсіх пачынаннях ён больш не прадбачыў магчымасцяў быць карысным свайму краю. Надпіс, які па яго распараджэнні выбілі на камені, усталяваным у Залессі, быў больш чым красамоўны: Cieniom Kosciuszki.
Лёс адабраў у Міхала Клеафаса і надзею, і каханне, але пакінуў яму драму — надзвычай сімвалічную эпахальную драму, быццам створаную з нот яго знакамітага 13 паланэза.
У 1822 годзе князь назаўсёды эміграваў у Фларэнцыю. 15 кастрычніка 1833 года ён памёр. Быў пахаваны на могілках пры касцёле Санта Марыя Навэла. Пазней парэшткі Агінскага былі перапахаваныя ў знакамітым пантэоне Санта Крочэ побач з магіламі Мікеланджэла, Макіявелі і Галілея. Да гэтага дня над магілай князя ўзвышаецца помнік з найкаштоўнейшага карарскага мармуру. Ён быў зроблены па распараджэнні дачкі ўладальніка венецыянскай карчмы абаяльнай княгіні Марыі дэ Нэры. Пасля смерці мужа яна яшчэ доўгі час жыла ў яго сядзібе ў Залессі. Незадоўга да смерці, хворая на артрыт Марыя вярнулася ў Італію, дзе знайшла сваю смерць у 1851 годзе…
Аляксандр Крыванос