У міжнародным конкурсе краін СНД “Мастацтва кнігі” выданне стала лепшым у намінацыі “Дыялог культур”. Альбом акцэнтуе ўвагу чытачоў на найбольш характэрных для Беларусі рысах — шматнацыянальнасці і шматканфесійнасці. У ім прадстаўлены больш за 400 паштовак і фатаграфій з асабістай калекцыі аўтара, многія з якіх публікуюцца ўпершыню. Каментарыі да ілюстрацый напісаны на беларускай, рускай і англійскай мовах.
“Хацелася стварыць манументальную працу, якая прадэманстравала б шматграннасць нашай краіны, яе міралюбнасць і добрасуседства, — адзначыў Уладзімір Ліхадзедаў. — На мой погляд, гэта з’яўляецца неад’емнай часткай прыроды беларусаў. У кнізе прадстаўлены нацыянальнасці, якія жылі на нашых землях у канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў. На ўнікальных здымках — беларусы, кітайцы, карэйцы, манголы, рускія, палякі, татары, яўрэі, літоўцы, латышы, а таксама французы, немцы і туркі. Выданне паказвае, што і ў той час людзі жылі ў міры і згодзе: займаліся рамёствамі, дапамагалі адзін аднаму, ад душы працавалі, развівалі традыцыі продкаў” .
Альбом “Шматнацыянальная Беларусь” — частка гісторыка-асветніцкага праекта “У пошуках страчанага”. Кнігі з гэтай серыі паказваюць беларускія гарады і ўнікальныя кадры гістарычных падзей ХІХ-— ХХ стагоддзяў. Яны перакладзены на 8 моваў, і былі прадстаўлены на выставах у Франкфурце-на-Майне, Маскве, Варшаве, Вільнюсе і многіх іншых гарадах.
Падчас прэзентацыі альбома Уладзімір Ліхадзедаў таксама прадставіў выставу “Страчаная спадчына”. У яе аснову пакладзены ўнікальныя паштоўкі і фатаграфіі з уласнай калекцыі. Многія экспанаты існуюць у адзіным экземпляры. Экспазіцыя дазволіць здзейсніць падарожжа па самых цікавых населеных пунктам, убачыць храмы, сінагогі, мячэці, якія ўжо страчаны, убачыць людзей, якія жылі ў Беларусі ў канцы XIX — пачатку ХХ стагоддзяў.
Ул. інф.