Чатырнаццаць мастакоў-дызайнераў, студэнтаў Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прэзентавалі сваё бачанне праблемы бяздумнага спажывання “даброт” цывілізацыі. Інсталяцыя, жывапіс, перформансы, друкаваныя банэры... — выбар сродкаў выказвання маладых мастакоў самы разнастайны. І як засведчылі арганізатары падзеі, у праект трапілі самыя цікавыя работы па азначанай тэме.
Паводле слоў Валерыі Каляга, сакуратаркі выставы, культуролага, “Плiнтус” - гэта мадэль гарадской прасторы, пагружанай ва ўтапічны свет рэкламных абліччаў, брэндаў, моды. Былі сумневы з нагоды пляцоўкі, але канцэпцыя ідэальна “лягла” ў новую гарадскую лакацыю. Людзі, ежа, галубы — менавіта дзякуючы адкрытасці, публічнасці месца, нам удалося дамагчыся жаданага эфекту”.
Прастору выставы варта ўспрымаць як перапляценне вуліц мегаполіса з рэкламнай інфармацыяй, якая транслюецца з кожнага вольнага і нявольнага кутка. Усё гэта ўплывае на эмацыйную сферу асобы і кіруе паводзінамі чалавека на падсвядомым узроўні, прыгнятае ўласныя думкі, усё больш падводзячы яго да бяздумнай масавасці. Паказаць гіпербалізаваную рэальнасць спажывання, горад кансьюмерызму ў горадзе — такой была ідэя арганізатараў.
Невыпадкова і на афішах “Плінтуса” можна ўбачыць фразу “тут ваша рэклама”. Менавіта гэтыя словы часта размяшчаюць у горадзе на білбордах, што адмысловым чынам праецыруюць на чалавека візуальную і тэкставую інфармацыю аб новым прадукце ці паслуге.
Стаць часткай рэальнасці праекта “Плінтус” і паразважаць аб агучанай праблематыцы публіка мае магчымасць па адрасе праспект Машэрава 11/10. Час працы выставы з 12:00 до 23:00.
Паліна Бязуглая
Фота прадастаўлены арганізатарамі