Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама Кацярына Астрамовіч паведаміла “К”, што міністр культуры цікавіўся ходам аднаўлення Гальшанскага замка, у прыватнасці — рэканструкцыяй яго Паўночнай вежы. Як вядома, работы на гэтым аб’екце вядуцца некалькі гадоў, а грошы выкарыстоўваюцца з дзвюх крыніц: з фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва, а таксама — з матэрыяльных сродкаў Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”. Як засведчыў візіт міністра, асвойваюцца дадзеныя грошы паспяхова.
Работы на Паўночнай вежы завяршаюцца. У складзе аб’екта — тры надземныя ўзроўні і падвальнае памяшканне. У апошнім мяркуецца стварыць музейную экспазіцыю. На другім надземным ярусе прадугледжана аглядавая пляцоўка. Азнаёміўся Юрый Бондар і з працэсам добраўпарадкавання прылеглай тэрыторыі, ход якой мае сваю загадзя распрацаваную канцэпцыю.
Грошы Дзяржаўнай праграмы цалкам выкарыстаны. Па словах начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ашмянскага райвыканкама Кацярыны Астрамовіч да восені будуць асвоены 498 тысяч рублёў з Прэзідэнцкага фонду. Яны пойдуць на электрыфікацыю аб’екта, яго музеефікацыю, на відэакантроль і на далейшае аднаўленне прылеглай да вежы замкавай сцяны.
У гэты ж дзень міністр культуры Юрый Бондар сустрэўся з работнікамі культуры Ашмянскага раёна.
Фота Аляксандра Навумчыка, "Аршанскі веснік"