Дырэктар выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” Вольга Ваніна прадставіла энцыклапедычны даведнік “Жыровічы. Пад святым пакровам”. Укладальнікам выдання выступіў кандыдат багаслоўскіх навук, прарэктар па навуковай працы Мінскай духоўнай семінарыі і Мінскай духоўнай акадэміі ў Жыровічах Аляксандр Слесараў. Кніга налічвае каля 180 артыкулаў, прысвечаных гісторыі і сучаснасці Жыровічаў, Жыровіцкай іконы Божай Маці, біяграфіям царкоўных дзеячаў, чые жыццё і дзейнасць звязаныя з Жыровічамі. Таксама знайшлося на старонках даведніка месца для гісторыі Мінскай духоўнай семінарыі і яе царкоўна-археалагічнага музея, яго каштоўных экспанатаў, а таксама выдатных помнікаў літаратуры і мастацтва, якія звязаныя з гісторыяй Жыровічаў і абіцелі. Сярод іх — “Жыровіцкі ірмалагіён”, рукапісны помнік спеўнай культуры першай паловы XVII стагоддзя, і іншыя ўнікальныя выданні.
Дырэктар выдавецтва “Мастацкая літаратура” Алесь Бадак распавёў аб кнізе вершаў “Святло з Жыровіч”, што змяшчае творы аднаго з найбольш адметных сучасных беларускіх аўтараў, які надае найбольшую ўвагу духоўнай паэзіі — Зніча, таксама вядомага як манах Іаан, альбо пад свецкім імем — як Алег Бембель. Летась ён адзначыў 80-годдзе, і ўжо больш за 20 гадоў жыве ў манастыры ў Жыровічах. У свой час паэт скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю, вучыўся на філосафа, працаваў на тэлебачанні і ў Акадэміі навук, але абраў шлях хрысціянскага паслушэнства, прыняў пострыг і прысвяціў сваю творчасць духоўнай тэматыцы.
Як паведаміла вядучы спецыяліст Анжэла Садоўская, выдавецтвам “Беларусь” да жыровіцкіх юбілеяў былі падрыхтаваныя дзве кнігі. Першая з іх — істотна дапоўненае перавыданне працы кандыдата мастацтвазнаўства Аляксандра Ярашэвіча “Жыровіцкі Свята-Успенскі манастыр”, якая атрымала абноўлены ілюстрацыйны матэрыял. Другая кніга — “Цяпло жыровіцкай святыні” вядомага краязнаўцы Сяргея Чыгрына. Гэта ўнікальнае навукова-папулярнае выданне па гісторыі Жыровічаў напісанае паводле архіўных матэрыялаў, з архіваў Літвы, Польшчы і Украіны, многія з якіх былі вывезеныя за мяжу і дагэтуль не вярнуліся на радзіму. Прадстаўнікі выдавецтваў выказалі спадзеў, што новыя выданні зробяцца выдатным падарункам да свята жыровіцкай абіцелі, а таксама прыйдуцца даспадобы шматлікім паломнікам і турыстам, якія наведваюць Жыровічы.