А вось Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту вырашыў адзначыць Ноч музеяў ужывую, на прасторы ды свежым паветры. Далучыцца да свята ўвечары 16 мая змогуць усе наведвальнікі, якія набудуць звычайныя ўваходныя квіткі.
— Святочная праграма будзе доўжыцца з 19 да 22 гадзін, — паведаміў намеснік дырэктара музея Яўген Мікула. — Яе бонусамі стануць дзве экскурсіі. Першая — як заўсёды, аглядная. А вось другая экскурсія ператворыцца ў містычнае шэсце з ліхтарамі скрозь прыцемкі. Цікава будзе пабачыць Музей, агорнуты покрывам ночы, — нязвыклы, загадкавы. У сектары “Цэнтральная Беларусь” удзельнікі свята наведаюць тры будынкі-помнікі — царкву, хату і млын — і пазнаёмяцца з сакральнымі аспектамі сялянскага жыцця. Раптам з’явіцца… Чорт і дадасць перчыку да таямнічай дзеі. Пасля экскурсіі мы запросім усіх на канцэрт, падрыхтаваны супрацоўнікамі музея. А на заканчэнне запалім вогнішча, зладзім традыцыйныя танцы ды гульні.
Наведвальнікам скансэна Яўген Іванавіч раіць паглядзець таксама новую выставу “Сакральная культура ў народным побыце Астравеччыны”. Яна разгарнулася ў праваслаўнай царкве з вёскі Барань. Экспанаты выставы — плён чатырох этнаграфічных экспедыцый. Сярод іх асаблівае месца займаюць творы самабытнай мастачкі савецкага часу Юліцыі Кармазон: каталіцкія абразы, драўляныя скульптуры.
Святлана ІШЧАНКА