Артысты, зразумела, усе нашы. Рэжысёрам жа была запрошана Кацярына Ложкіна-Бялевіч з Санкт-Пецярбурга, якая ў пачатку гэтага сезона ставіла тут спектакль “Тута Карлсан, першая і адзіная”. Ураджэнка Беларусі, Кацярына скончыла Санкт-Пецярбургскую дзяржаўную акадэмію тэатральнага мастацтва. Прычым вучылася ў майстэрні Руслана Кудашова — галоўнага рэжысёра тамтэйшага Вялікага тэатра лялек, які паставіў шэраг спектакляў у Брэсце: “Халстамер”, “Месяц Сальеры”, “Фро”, нядаўні “Сотнікаў”. У тым жа піцерскім тэатры працуе Кацярына, сумяшчаючы акцёрскую прафесію з рэжысёрскімі спробамі — настолькі ўдалымі, што тыя былі намінаваны на Расійскую нацыянальную тэатральную прэмію “Залатая маска”. Тры тыдні таму яна паставіла там “Дзюймовачку”, дзе даследавала тэму маці маленькай дзяўчынкі. Летась у сакавіку звярталася да гэтай казкі ва Ульянаўску. І штораз рабіла не перанос спектакля, а зусім новую версію.
Адмысловыя выявы персанажаў нашай “Дзюймовачкі” прыдумала галоўны мастак згаданага тэатра лялек у Пецярбургу Марына Завьялава. А музыку — лідар вядомага беларускага гурта “НагУаль” Леанід Паўлёнак, які даўно аздабляе спектаклі нашага тэатра, вельмі плённа супрацоўнічаючы з яго галоўным рэжысёрам Аляксеем Ляляўскім.
Такі вось беларуска-расійска-дацкі праект. Прычым “дацкі” ва ўсіх сэнсах. Па-першае, таму што Андэрсан — дацкі пісьменнік. А па-другое, спектакль прымеркаваны адразу да дзвюх дат — “памятных дзён календара”: тут і 215-годдзе з дня народзінаў творчага бацькі “Дзюймовачкі” — Ханса Крысціяна Андэрсена, якое будзе адзначацца ў 2020-м, і, канешне, Каляды з Новым годам. Таму паверыць у казачныя дзівосы будзе асабліва лёгка.