Праца з мастакамі — працяг праекта “Серабранка. Мой спальны”, распачатага тры гады таму ўрбаністамі і архітэктарамі Мінска. За гэты час каманда ўжо выпусціла гід-комікс па мікрараёне, пабудавала дзіцячую пляцоўку і паступова рэалізоўвае іншыя планы па добраўпарадкаванні тэрыторый паміж дварамі.
— Наша агульная канцэпцыя палягае ў тым, што для таго, каб змяніць раён, неабходна змяніць стаўленне саміх жыхароў да яго, — тлумачыць кіраўнік праекта архітэктар Надзея Царанок. — Арт-рэзідэнцыю мы задумвалі правесці даўно, бо мастацтва — найбольш моцны інструмент уздзеяння на людзей. Ужо чуем шмат пазітыўных водгукаў, людзі кажуць, што нязвыкла бачыць такое ў Серабранцы. Маўляў, у цэнтры горада — так, а тут… Акурат да таго, што падобныя праекты ладзяцца ў цэнтры горада, усе прызвычаіліся. Але туды ж людзі ездзяць не кожны дзень, а вось сцежка дадому — гэта іх штодзённы маршрут. Таму менавіта са спальных раёнаў і варта пачынаць, каб зрабіць камфортным жыццё ва ўсім горадзе.
Скульптура са старой мэблі
Складзеныя ў форме сэрца рукі — работа стрыт-арт-каманды з Берліна Bosso Fataka, якая завітала ў Мінск упершыню. Дакладней, яе частка: усяго ў групе чатыры ўдзельнікі, да нас прыехалі два з іх — Крысціян Баўмаер і Себасцьян Клар. Каманда вядомая тым, што ў якасці матэрыялу для гарадскіх скульптур і інсталяцый карыстаецца рэчамі, якія большасцю людзей ужо лічыцца смеццем — гэта старыя матрасы, скарыстаныя скрыні ці пакеты і гэтак далей.
— Нам вельмі блізкая дзейнасць Bosso Fataka, бо мы самі ўвесь час гаворым, што адыходы — таксама рэсурс, — падкрэслівае Надзея Царанок. — За два тыдні да прыезду мастакі папрасілі нас падрыхтаваць для іх старую мэблю з дрэва, бо яны шмат працуюць менавіта з гэтым матэрыялам — так лягчэй, не трэба варыць, як, напрыклад, жалеза. І мы з мясцовымі жыхарамі рыхтаваліся — хтосьці аддаваў непатрэбнае, школа, напрыклад, бібліятэку сваю разбірала і гэтак далей. Калі прыехалі самі хлопцы, да іх было шмат увагі — ім дапамагалі, прыносілі шакаладкі. З’язджалі мастакі з суперпазітыўным меркаваннем пра беларусаў.
Скульптура размешчана на вялікай асфальтаванай пляцоўцы побач са стадыёнам, адрасны арыенцір — Якубава, 28. Паміж сабой яе ўжо называюць “Сэрца Серабранкі”.
Графіці з моху
Заклік “Беражы Серабранку” на сцяне будынка на праспекце Ракасоўскага, 49 зроблены з моху. Аўтар ідэі — мастачка і ўрбаністка Агнэшка Покрыўка з Фінляндыі.
— Дзейнасць Агнэшкі скіраваная на тое, каб уцягваць у працэс стварэння людзей, — кажа Надзея. — Таму мы адразу ж правялі адкрытую сустрэчу з ёй, каб абмеркаваць з валанцёрамі, што можна зрабіць разам. З некалькіх варыянтаў аднадушна выбралі графіці. Ва ўсім удзельнічалі мясцовыя жыхары — збіралі мох, выкладвалі яго. Тэхналогію ўмацоўвання вынайшла сама Агнэшка: смала, вата, перамяшаны з агар-агарам грунт — і наверх ужо наклейваецца мох. Затым ён апырскваецца вадой і літаральна на вачах нібы ажывае. Потым яго можна крыху падстрыгаць, але форма застаецца.
Самі серабранцы яшчэ і пільна сочаць за тым, каб работу ніхто не пашкодзіў.
— Днямі мы падышлі дарабіць пэўныя дробязі, і на нас адразу звярнула ўвагу жанчына: “Што вы тут робіце? — Завяршаем працу. — Ну добра, а то я падумала, вы тут штосьці зрываеце”. То бок сацыяльны кантроль ужо пачаўся, і гэта вельмі важна. Я ўпэўнена, што і скульптура прастаіць доўга, — усміхаецца Надзея.
Інсталяцыя з пражы
Яшчэ адзін кірунак вулічнага мастацтва, які набывае ўсё большую папулярнасць сярод жыхароў Серабранкі — ярнбомбінг. Клуб Zabombi.by ужо абвязваў тут пражай дрэвы. А цяпер зрабіў вялікае палатно-прысвячэнне мікрараёну. Для яго спатрэбілася 25 асобных кавалачкаў, кожны з якіх мае памер 30 на 30 сантыметраў. Штосьці рабілі мастакі, але частку звязалі і мясцовыя памочнікі. На кожным кавалку — нейкае пасланне ці віды Серабранкі: дамы, каты, фрагмент веладарожкі…
— Самае цікавае, што ўсе кажуць — так, гэта класна, аднак, напрыклад, скульптура не для Серабранкі. Нібыта тут ніхто яе не зразумее. Але чаму? — дзівіцца Надзея Царанок. — Вось я праходжу каля бабуль, якія сядзяць пад пад’ездам і тлумачаць адна адной, што такое арт-інсталяцыя. То бок пачулі новае слова, хтосьці даведаўся, што яно азначае, і яны ўсе гэта абмяркоўваюць. Ім сапраўды цікава. Людзі гатовыя да чагосьці новага. Можа, наадварот — такая скультура менавіта для Серабранкі?