Ён ёсць у “Звычайным фашызме” Міхаіла Рома — і не толькі… Ужо ў наш век шведскі рэжысёр Рой Андэрсан “ажывіў” павешанага Валодзю Шчарбацэвіча ў сваіх культавых “Песнях з другога паверха”. А нямецкая журналістка Анэгрыт Айх’хорн не так даўно здзейсніла самагубства, убачыўшы на тым здымку свайго бацьку.
Фонам для манумента павешаным сёння служыць рэкламны банер дражжавога камбіната. Слоган там падабраны трапна — “Всегда на подъёме!” Не верыш? Ідзі і глядзі!
Гадоў колькі таму гэта было б расцэнена як ідэалагічная дыверсія. І, зразумела, беспадстаўна. Бо імя такой з’яве зусім іншае — Абыякавасць.
Менавіта гэта я казаў неяк у прыватнай гутарцы з дырэктарам Хатынскага мемарыяла Артурам Зельскім, якога дужа абурыла, што ў адным расійскім горадзе фігуру Няскоранага вылепілі з шакаладу.
А абыякавасць — уласцівасць нашай псіхікі. Часам здаровая, а часам і не.
Даволі часта гучыць: а навошта ўвогуле варушыць памяць пра тыя жудасныя падзеі? Навошта вяртацца ў стан суцэльнай траўмы? І чалавечая псіхіка, не падмацаваная (або, наадварот, падмацаваная) нейкімі крыніцамі ўздзеяння, сама сабою дае адказ: не варта. Такая ўжо яе ўласцівасць…
Некалі раней, у шчаслівым савецкім дзяцінстве, мне літаральна карцела атаясамляць сябе з героямі той вайны, і я вельмі перажываў, што мне выпала жыць у мірны час. Сёння мне ўжо не хочацца атаясамляць сябе літаральна ні з кім у тую пару. Хочацца толькі міру.
Зразумела, эвалюцыя маіх поглядаў здарылася не проста так. Я даведаўся, што такое вайна, не толькі з савецкіх дзіцячых часопісаў і амерыканскіх баевікоў, якія незаўважна іх замянілі, але і дзякуючы расповедам франтавікоў — таго ж Васіля Быкава і соцень іншых.
І гэтыя расповеды вельмі важныя. Працуючы з імі, ты шторазу адкрываеш новыя дэталі. Прыкладам, ці ведаеце вы, чым бавіліся салдаты ў акопах падчас зацяжных абарончых баталій? Была ў іх такая гульня - “вшанка”, своеасаблівы аналаг прусачыных бягоў. Правілы распавядаць не буду — раптам нехта паабедаў. Але гэтая гульня гаворыць пра рэаліі той вайны куды лепей, чым любыя пафасныя выразы.
А колькі такіх сведчанняў можа кануць (ці, дакладней, ужо канула) ў Лету! Проста таму, што заклапочаныя высокімі матэрыямі мы не парупіліся пра тое, каб іх захаваць.
Хаця такія простыя дэталі — самы эфектыўны антыдот. Бо гаварыць пра вайну, вядома ж, трэба найперш з адной прычыны: каб новыя “вясёлыя карцінкі” кагосьці не завабілі ў тую багну, якой насамрэч тая вайна ёсць.
А другая прычына — экзістэнцыяльная. Чужы досвед рыхтуе нас да складанасцяў ва ўласным жыцці, адстараніцца ад якіх не заўсёды бывае ў нашай волі. У пэўнай меры, вучыць, як да іх ставіцца.
Зрэшты, выслухоўваючы тую самую “акопную праўду”, варта памятаць, што яна — толькі частка праўды агульнай. Толькі адзін дыскурс, адзін сегмент. Бо на вайне ёсць яшчэ і праўда генералаў — тых, хто прымае стратэгічныя рашэнні, аперыруючы пры гэтым жыццямі тысяч. І часам гэтыя дзве праўды — ваенныя мэты і памкненні чалавека — ніяк не сумяшчаюцца.
Але часам наадварот. Вельмі прыкра, што ў Польшчы сёння не згадваюць добрым словам пра Іосіфа Гусакоўскага. Майстар глыбокага танкавага рэйду з легендарнай “катукоўскай” арміі, ён у студзені 1945 года, здаецца, пераўзышоў сам сябе! Апынуўшыся ў Вісла-Одэрскай на вастрыні ўдару, яго брыгада праходзіла па сотні кіламетраў у дзень, рассякаючы жалезным клінам абарону немцаў і спрыяючы таму, каб гарады і вёскі вызваляліся з ходу. Тым самым, ратуючы іх ад абстрэлаў і бамбёжак.
Але яшчэ больш прыкра, што і ў нас мала хто ведае пра гэтага ўраджэнца Магілёўшчыны. Хаця жыццярыс двойчы Героя Савецкага Саюза, які літаральна цудам уратаваўся ў гады Вялікага тэрору, варты яшчэ таго “Чапаева”. Ды, на жаль, не знята пра яго пакуль ніводнага фільма.
Хіба ж гэта не абыякавасць?