Амаль гадавая праграма для сцэнарыстаў Усходняй і Цэнтральнай Еўропы, удзельнікамі якой былі Мікалай ЛАЎРЭНЮК і Сяргей КАЛАСОЎСКІ, завяршылася месяц таму ў Канах, падчас сусветна вядомага кінафестывалю. І адзнака журы ScripTeast беларускага сцэнарыя ў межах форума адразу дазволіла шматлікім СМІ выйсці на гучныя загалоўкі. Але поспех, з аднаго боку, трошкі перабольшаны, а з іншага — зусім недаацэнены.
Зараз, калі “шум” навіны трошкі спаў, мы паспрабавалі разам з прадзюсарам і кінарэжысёрам, сааўтарамі нашумелага сцэнарыя, разабрацца ў тым, што, насамрэч, адбылося. Што значыць патрапіць на ScripTeast?
Пра ScripTeast і яго клас
М.Л.: — Міжнародны праект-трэнінг ScripTeast ладзіцца ўжо 11 год. Ён пазіцыянуецца як сцэнарная лабараторыя для лепшых аўтараў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. І больш за 35% сцэнарыяў, якія праходзяць школу праекта, атрымліваюць кінаўвасабленне. Лічбы высокія, кажуць самі за сябе. Навучэнцы трэнінгу спрэс удзельнікі міжнародных кінафестываляў — Берлінскага, Венецыянскага — кінематаграфісты, якія маюць досвед супрацоўніцтва з вядучымі прадзюсарамі еўрапейскага кіно. Адно тое, што нас узялі ў праграму, — ужо было перамогай і вялікай удачай. Што да адмысловага ўзгадвання ад журы, якое мы атрымалі ўжо напрыканцы праграмы — тое проста неверагодная рэч!
— Для вас асабіста ў трэнінгу быў каштоўны менавіта выхад на міжнародных агентаў і прадзюсараў?
С.К.: — Не толькі. Канешне, свет вялікага кіно ўражвае. Але не менш важным была магчымасць атрымаць карысную параду ад спецыялістаў: ці ў правільны бок рухаешся ў сцэнарнай працы. ScripTeast даў гэту прафесійную падтрымку і імпульс для далейшага развіцця.
Увогуле, сцэнарная лабараторыя ўразіла мяне менавіта сваім стаўленнем: на нас рэагавалі як на людзей, якія прыехалі займацца сур’ёзным кіно. З павагай і цікаўнасцю. Мяркую, нашу заяўку таму і ўзялі, што ўбачылі ў гісторыі вялікі патэнцыял. У многіх аўтараў з Беларусі ёсць адчуванне няўпэўненасці ў сваіх сілах, калі ты сабе да канца не давераеш, сумневаешся. І гэта дрэнна. Акурат удзел у
падобных праграмах пазбаўляе ад падобнага комплексу.
М.Л.: — Па шчырасці, мы не верылі ў станоўчыя водгукі, што давалі нашай працы эксперты. Маўляў, гэта яны робяць наўмысна, каб нас не пакрыўдзіць. Але ўзнагарода здзівіла і супакоіла: відаць, сапраўды, сцэнарый атрымоўваецца…
Хто ж аўтар “Саламонавай гары”?
— Вядома, што сцэнарый “Саламонава гара” — гэта адаптаваная работа драматурга і вядомага энтузіяста беларускай кінасферы, арганізатара кінафестываляў студэнцкіх фільмаў і жаночанага кіно Ірыны Пісьменнай “Падобны да Стынга”. Гісторыя пра сустрэчу двух людзей — пажылой жанчыны і маладога мужчыны ў Чарнобыльскай зоне, пра пошук іх паразумення. Якім чынам на сцэнарый атрымала правы кампанія “Ілюзіён”? Пытанне хутчэй да цябе, Мікалай.
М.Л.: — Ірына Леапольдаўна дала нашай кампаніі сваё блаславенне на працу. — Гэта быў апошні год яе жыцця і, напэўна, для яе было важна ўбачыць у нас сваіх пераемнікаў. Я да гэтай пары ўдзячны ёй за такі рызыкоўны крок, за давер.
Насамрэч, гэтаму твору, які ў арыгінале мае жанравае азначэнне “сачыненне для тэатра і кіно”, ужо больш за 20 гадоў. Ім цікаваліся многія рэжысёры: Андрэй Кудзіненка, Ягор Канчалоўскі… Але ўсё неяк не зрасталася. Сам я прачытаў гэту гісторыю яшчэ будучы падлеткам, калі вучыўся ў кінашколе “Ciнема”. Адразу ўбачыў у ёй моцнае кіно, але тады, вядома, не думаў, што буду ім займацца як сааўатар. Шмат гадоў шукаліся магчымасці, каб гэта гісторыя была рэалізавана: былі паездкі на “Мосфильм”, у Польшчу на сустрэчы з патэнцыйнымі партнёрамі. Сцэнарый, дарэчы, прапаноўваўся і на “Беларусьфільм”, але нічога не выйшла. У пэўны момант стала зразумелым, што трэба самім рабіць гэты фільм, цудаў не будзе.
— Якім жа чынам да супрацоўніцтва далучыўся Сяргей?
С.К.: — Я далучыўся толькі паўтара года таму, калі Мікалай прапанаваў мне азнаёміцца з творам, бо шукаў сааўтара і рэжысёра будучай карціны. Калі я прачытаў, адразу пагадзіўся. Нягледзячы на тое, што “Падобны да Стынга” збольшага мае літаратурную форму — твор напісаны ў мінулым часе, шмат апісанняў і ўспамінаў герояў, — сцэнарый уразіў мяне сваёй смеласцю і непадобнасцю на тое, што робіцца тут. Канешне, было зразумела, што патрэбная далейшая адаптацыя — у падобным выглядзе ён ісці не мог. Але мне ў першую чаргу захацелася экранізацаваць гэту гісторыю.
Амерыканскі канон ці еўрапейская драма
— Што параілі вам змяніць ці ўдасканаліць вашы кансультанты? Дарэчы, колькі іх у вас было?
М.Л.: — Вядомы венгерскі сцэнарыст і рэжысёр Дзьюла Газдаг і іспанскі эксперт Давід Матаморас. Апошні адразу прапанаваў нам амерыканскую схему пабудовы сцэнарыя, дзе дакладна прапісана, у якім месцы і што павінна адбывацца. Дзьюла ж трымаўся абслютна іншага падыходу. “Не думайце пра структуру, — казаў ён. — Вы мусіце думаць пра вашых герояў. Што яны адчуваюць? Які маюць досвед? Як гэты досвед на іх уплывоўвае? Што адбываецца з імі ў дадзены момант? Такі метад псіхалагічнага паглынання, які нам вельмі прыйшоўся даспадобы. У нас быў і мастацкі кіраўнік — Крысціян Роут, які, лічы, прапаноўваў злучыць гэтыя два падыходы. Ды яшчэ мы звярталіся да запрошаных экспертаў. У прыватнасці, вельмі круты ірландскі сцэнарыст Марк Охолан, які працаваў з такімі рэжысёрамі як намінант на "Оскара" Лені Абрахамсан, параіў нам напісаць біяграфіі герояў, каб было ўсведамленне іх эмацыйнага стану на момант гісторыі. У выніку Сяргей выклаў біяграфіі нашых галоўных персанажаў Юрыя і Фені на некалькі старонак.
— У якіх, памятаю, і Крыжоўцы знайшлося месца?
С.К.: — Менавіта так. Таксама ў нас з’явіўся трэці персанаж, якога не было ў творы Ірыны Пісьменнай — міліцыянер Пятровіч. У яго вельмі важныя сцэны, якія адразу далі аб’ём гісторыі. Па-новаму высветліўся вобраз галоўнай гераіні, з’яўляецца і аблічча вёскі, у якой яна вырасла.
М.Л.: — Было складана, канешне, вырашыцца на змены ў матэрыяле, які паважаеш, але гісторыя мусіла атрымаць сучаснае прачытанне, адаптацыю. Лічу, што Сяргею ўдалося зрабіць гэты матэрыял сваім. Можна сказаць, у выніку ён атрымаў другое нараджэнне праз погляды двух пакаленняў. Але без імпульсу і парадаў ад прафесіяналаў мы, магчыма, не зайшлі бы так далёка.
— Хачу ўдакладніць, якім чынам тэхнічна адбывалася праца над праектам: Мікалай прадстаўляў сцэнарыі на сесіях, а Сяргей — пісаў?
С.К.: — Праца ішла сумесная. Коля быў на сесіях і прыводзіў мне шасцігадзінныя запісы кансультацый у Варшаву, дзе я вучуся. Да ўсяго, я не вельмі добра ведаю англійскую, таму Коля яшчэ і перакладаў. Далей гадзінамі абмяркоўвалі змены, і я садзіўся за пісьмо. Зроблены варыянт Коля зноў перакладаў на англійскую і вёз напрацоўкі ў свет. Тут нельга падзяляць: мы шмат разам прыдумлялі, таму правільна будзе назваць нас суаўтарамі.
Тэрыторыя непрамоўленых траўмаў
— Дзеянне вашага сцэнарыя адбываецца на тэрыторыі, якая пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы. Я не магу вас не запытаць пра тое, як успрынялі падобную тэму замежныя эксперты? Як адгукаецца міжнародная аўдыторыя на такі кантэкст?
С.К. — Гэты фільм будзе пра дараванне. Адзін з нашых галоўных герояў — Юрый — шукае яго за мінулыя, няхай і ненаўмысныя злачынствы. А Феня — наш другі галоўны персанаж — дае яму гэтую магчымасць — адкупіць грахі. Але ўсё няпроста. Прастора чарнобыльскіх вёсак для нас — не выпадковы фон. Людзі пакінулі свае дамы, у якіх яны жылі стагоддзямі, і гэта трагедыя для многіх так і не забылася. Саламонава гара — так называлі могілкі ў адной з палескіх вёсак. Мы бярэм гэту метафару за аснову адлюстравання трагедыі Чарнобыля.
М.Л.: — Цікава, але многія кансультанты здзіўляліся, што мы з Беларусі робім стужку пра наступствы Чарнобылю. “Гэта ж датычыцца Украіны”, — казалі яны. Мяркую, такое стаўленне фарміруецца ў тым ліку і таму, што мы самі мала расказваем пра свае траўмы. Да той пары, пакуль я не пачаў паглыбляцца ў матэрыял сцэнарыя, я і сам даволі прыблізна іх усведамляў. Гэта траўма, да якой, лічу, мы толькі пачынаем “падступаць”, гаварыць пра яе, асэнсоўваць.
— Шкадаваць гледача вы не будзеце, так?
С.К.: — Будуць цяжкія сцэны. Але менавіта ў іх героям найперш хочацца суперажываць. На працягу стужкі яны пройдуць вялікі духоўны шлях, і напрыканцы навучацца па-іншаму глядзець на навакольны свет. Лічу, сёння неабходна адкрыта глядзець у вочы сваім дэманам, і такім чынам адпускаць іх на волю. Калі гэтага не будзе, яны застануцца.
Дарэчы, падчас працы над творам мы з Колем шмат размаўлялі пра беларускае кіно: чаму ў нас так востра стаіць, да прыкладу, сцэнарнае пытанне. І адказ аказаўся на паверхні — таму што беларускія сцэнарыі абыходзяць драму бокам. Творы канцэнтруюцца адно толькі на апісанні стасункаў паміж героямі. А драма — застаецца па-за межамі.
М.Л.: — Не трэба баяцца казаць пра хваравітыя рэчы. Акурат задача кінематографа — уздымаць іх і асэнсоўваць. Абапіраючыся на вопыт ScripTeast, магу зазначыць, што сучасныя класікі кіно шчыруюць на ніве падобных тэм — разрыў сувязяў паміж людзьмі, узаемастасункі, мінулае і яго асэнсаванне ў цяперашнім. Беларусь у гэтым сэнсе — прастора лёсаў, якія прагнуць даравання і ачышчэння. Гэта тэрыторыя непрамоўленых траўмаў. Можна далёка не хадзіць і прыгадаць творы беларускіх класікаў. Дык чаму сучасныя нашы кінагісторыі павярхоўныя і баяцца адкрываць вочы на мінулае? Мяркуючы па тым, што “Саламонава гара” атрымала адзнаку экспертнага журы, значыць менавіта такі матэрыял і цікавы кінасвету.
С.К.: — Можна сказаць, што гэта галоўны ўрок, які дала нам сцэнарная лабараторыя. Не трэба баяцца сур’ёзных тэм.
P.S. На дадзены момант сцэнарый “Саламонава гара” атрымаў прапанову аб супрацоўніцтве ад трох прадзюсараў. З беларускага боку ім зацікавіліся Сяргей Якубоўскі і Віктар Лабковіч. У Польшчы гісторыя знайшла водгук у кіраўніка праекта ScripTeast, прадзюсара, рэжысёра і старшыні Польскай кінаакадэміі Дарыуша Яблонскага.