Спалучэнне фота з карцінай Шагала "Над Віцебскам".
На здымках Віктар Барысенкаў узнавіў, напрыклад, Ільінскую і Спаскую царкву, колішні выгляд вуліцы Леніна. Каб зафіксаваць сучасны горад з патрэбнага для рэканструкцыі ракурсу, нярэдка даводзіцца здымаць не адзін раз. Часам задуму парушае новы будынак, змены ў трасіроўцы вуліц ці нават дрэва. Кожны раз перад здымкамі віцябчанін праводзіць вялікую даследчую працу — вывучае старыя выявы, шукае патрэбную інфармацыю праз інтэрнэт, газетныя архівы, чытае навукова-папулярную і краязнаўчую літаратуру па гарадской тэматыцы.
— Фатаграфія мяне захапляе, гісторыяй таксама даўно цікаўлюся, і ў сваіх працах я гэтыя інтарэсы аб’яднаў, — кажа аўтар. — Старыя здымкі Віцебска збіраю з дзяцінства. Некаторыя потым расфарбоўваю ў камп’ютарных рэдактарах выяваў. Так мы бачым цэрквы і сінагогі, якіх сёння ўжо няма, гасцініцу “Брозі”, дзе жыла сям’я жонкі Шагала. Таксама я зрабіў праекцыі карцін мастака на сучасны ландшафт Віцебска. Пад некаторымі працамі размясціў цытаты з яго біяграфічнай кнігі “Маё жыццё”, словы яго жонкі Бэлы.
"Узноўленая" гасцініца "Брозі".
Абраная для выставы назва “Як даўно, мой горад любімы, я не бачыў цябе...” — радок з паэтычнага звароту Марка Шагала “Да майго горада Віцебска”, апублікаванага ў 1944 годзе ў Нью-Ёрку. Працы Віктара Барысенкава — таксама пасланні праз час і прастору, якія дазваляюць нам убачыць Віцебск розных эпох.
Дар’я САВЕЛЬЕВА, вучаніца 11 класа