Здаецца, у гэтай частцы пасёлка Першамайскi Карэлiцкага раёна мала што нагадвае пра былога гаспадара. Апошнi прадстаўнiк роду Фелiкс Радван Кашчыц пакiнуў гэтае месца 70 гадоў таму…
Сам маёнтак — старажытная вотчына Кашчыцаў — меў назву Вобрына (iнакш — Обрынь). Ён згадваецца ў судовых дакументах 1767 — 1768 гадоў Навагрудскага земскага суда, а датуль належаў родам Абрынскiх i Раецкiх.
Непадалёк знаходзяцца вёскi Малое Вобрына i Вялiкае Вобрына, якiя таксама адносiлiся да маёнтка. У XVII— XVIII стст. гэтымі мясцiнамі валодалі магнаты Хадкевiчы.
Тэрыторыя, што некалi займаў маёнтак, у XIX стагоддзi ўваходзiла ў склад Ярэмiцкай воласцi Навагрудскага павета Мiнскай губернi. У 1858 годзе ў вёсцы было 28 двароў, і ў тыя часы яна была ўласнасцю штатнага ротмiстра графа К.Кашчыца.
Перапiс насельнiцва ў 1897 годзе сведчыць аб тым, што ў Вялiкiм Вобрыне было ўжо 30 двароў і жылi тут 269 чалавек, з іх непасрэдна ў маёнтку — 74 жыхары ў 10-ці дварах. Аднак у 1901 годзе колькасць двароў зменшылася напалову, а жыхароў засталося крыху больш за паўсотнi.
Яшчэ ў 1870 годзе ў Вялiкiм Вобрыне была адкрыта школа граматы, дзейнiчалi сыраварня, цагельны завод, на рэчцы Уша працаваў вадзяны млын.
У канцы XIX стагоддзя ў маёнтку пабудавалi двухпавярховы палац, якi знешнiм выглядам нагадваў абрысы абарончага замка. Ён знаходзiўся пасярод парку, якi займаў амаль 50 гектараў, на маляўнiчым беразе ракi Вобрынкi. У сядзiбна-паркавы ансамбль уваходзiлi i iншыя пабудовы — свiран, стайня, бровар… У панскім доме былі багатая калекцыя твораў мастацтва, вялiкая бiблiятэка i архiў. На жаль, будынак палаца знiк у 1938 годзе.
Пра тое, што тут некалi знаходзiлася cядзiба, нагадваюць руiны трохпавярховага свiрна. Яго мураванка прамавугольных абрысаў гаворыць пра тое, што некалi ён надзейна стаяў на пагорку.
Але час бязлiтасны i да яго: сёння былы свiран, некалi старанна — здавалася б, на доўгiя гады — урэзаны падмуркам у гэты пагорак, сустракае цёмным поглядам ваконных праёмаў, у якiх, напэўна, ужо нiколi не запалiцца агеньчык жыцця.
Гэтыя пустыя праёмы надаюць фасаду асiрацелы выгляд. Забыты будынак сярод хмызняку ў наш час — нiбы маўклiвы дакор…
У 1911 годзе ў сядзiбным парку была пабудавана каплiца-пахавальня са склепам. Уздоўж сцен цягнулiся замураваныя нiшы-пахаваннi… З цягам часу верхняя частка капліцы была зруйнавана.
Што да парку, яго гаспадары рабiлi шмат намаганняў, каб ён быў утульным: загадалі пасадзiць лiпы, каштаны, клёны, таполi — пераважна дрэвы мясцовых парод, якiя, мабыць, дасюль памятаюць лепшыя днi сядзібы Вобрына.
Валерый ШАЙТАР
На здымкy: руiны свiрна — усё, што засталося ад маёнтка.
Фота аўтара