У сакавіку кіраўнік асацыяцыі Георгій Сасноўскі, паведамляе беларускае дыппрадстаўніцтва, сустракаўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Беларусь у Французскай Рэспубліцы, Пастаянным прадстаўніком нашай краіны пры UNESCO Паўлам Латушкам. Пад час сустрэчы было вырашана стварыць міжнародны музычны форум “Беларускія музычныя сезоны ў Францыі”: у Парыжы, такім чынам, з пэўнай перыядычнасцю будуць ладзіцца выступленні таленавітых музыкантаў з нашай краіны.
Ужо вызначана дата адкрыцця “I Беларускіх музычных сезонаў у Францыі”. 26 мая першых слухачоў чакаюць у Пасольстве Беларусі, дзе пройдзе канцэрт камернай музыкі ў выкананні музыкантаў з Беларусі і Нідэрландаў. Наступным разам ужо маладыя беларусы сыграюць ля Эйфелевай вежы ў кастрычніку бягучага года.
Зараз жа ў Нацыянальным мастацкім музеі і Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі рыхтуюцца канцэрты з удзелам музыкантаў з Беларусі і Францыі, пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў, Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Пасольства ў Францыі і нашай Акадэміі музыкі.