У канферэнцыі бралі ўдзел даследчыкі з Беларусі, Польшчы, Украіны. Сярод выступоўцаў — такія аўтарытэтныя асобы, як доктар мастацтвазнаўства Вольга Дадзіёмава і доктар гістарычных навук Сяргей Рассадзін. Дыяпазон жа пытанняў, абмеркаваных за два дні, вагаўся ад праблемы атрыбуцыі музычных твораў Агінскага да шляхоў мемарыялізацыі яго спадчыны.
Дырэктар Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры акадэмік Аляксандр Лакотка адзначыў, што Міхал Клеафас Агінскі — асоба, якая праз сваю дзейнасць у роўнай ступені належыць беларускай, польскай, літоўскай, расійскай, украінскай гісторыі і культуры. Гэтая ж ідэя кансалідуючай ролі спадчыны згаданага дзеяча прагучала і ў прывітальным слове дырэктара Польскага інстытута ў Мінску Уршулі Дарашэўскай.
У такім кантэксце асабліва актуальнымі сталі даклады доктара Марэка Кшэсняка, прэзідэнта Польскага фонда Касцюшкі, і навуковага супрацоўніка Музея-сядзібы ў нашым Залессі Таццяны Кляшчонак, прысвечаныя, адпаведна, мясцінам, звязаным з жыццём і дзейнасцю Агінскага ў Польшчы, і перспектывам развіцця яго родавага гнязда як культурнага і турыстычнага цэнтра. Не выключана, што ў будучыні навукоўцаў можа аб’яднаць не толькі інтарэс да асобы Агінскага, але і агульная справа захавання яго спадчыны.
Сярод тэм дакладаў былі дыпламатычная дзейнасць Агінскага, яго ўдзел у паўстанні Тадэвуша Касцюшкі, сувязі з масонскімі арганізацыямі. Шырока прэзентавалася праблематыка інтэрпрэтацыі вобраза і спадчыны кампазітара ў мастацтве. Прадказальнай была цікавасць навукоўцаў да самага вядомага твора Агінскага — паланэза ля-мінор (“Развітанне з Радзімай”), які ператварыўся ў сапраўдны сімвал са сваім семантычным полем і актыўна выкарыстоўваецца ў мастацтве.
Некаторыя вынікі працы па ўшанаванні памяці Агінскага і распаўсюджванні ведаў аб гэтай гістарычнай постаці былі прадстаўлены падчас прэзентацыі новых выданняў “Марыя Канапніцкая аб Тадэвушу Касцюшку і Паўстанні вершам”, “Каляндар-біяграфія Міхала Клеафаса Агінскага”, “Так спяваюць “Паланэз Агінскага” ў Беларусі, Літве, Польшчы…”, мультымедыйных рэлізаў выдавецтва “Каўчэг”, навукова-папулярнай кнігі Леаніда Несцярчука “Міхал Клеафас Агінскі: ліцвін, патрыёт, творца”.
Хочацца спадзявацца, што рэзананс па канферэнцыі будзе пазітыўным якраз для развіцця і паглыблення культурных сувязей паміж краінамі, захавання спадчыны Міхала Клеафаса Агінскага і яе папулярызацыі.
Кацярына ЯРОМІНА, малодшы навуковы супрацоўнік аддзела тэатральнага мастацтва Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі