— Фатаграфія — не мая прафесія, у тым сэнсе, што я не маю дыплома ў гэтай галіне і не зарабляю гэтым на жыццё, нягледзячы на тое, што не ўяўляю сябе без фотаапарата. Я фатограф-самавук, які ведае, што рабіць з “Кэнанам 30” дзякуючы двум прафесіяналам: аднаму — майстру ў тэорыі, другому — у практыцы.
Мае работы падабаюцца маім знаёмым і сябрам, аднак сёння мне цікавае меркаванне прафесіяналаў, якія вынесуць свой вердыкт адносна майго майстэрства. Я маю на ўвазе ўдзел у конкурсе “Фота”.
— Вас запрашаюць як фатографа на многія свецкія вечарыны, у начныя клубы, вашы кадры падабаюцца, іх купляюць. Гэтага недастаткова?— Сапраўды, мяркуючы па водгуках, яны запатрабаваныя. Аднак гэта не вяршыня маіх жаданняў — хочацца дакрануцца да сапраўднага фотамастацтва. Хаця некаторыя людзі яго такім бы не называлі.
— І што гэта, цікава ведаць, за мастацтва такое?— Гламурнае фота, фота для глянцавых часопісаў. Ёсць меркаванне, што гэта проста фота для “глянцу” — і не болей. Да таго ж, калі яно дорага каштуе, добра прадаецца, дык якое гэта, маўляў, мастацтва? Гэта ўжо камерцыя! А я так не лічу.
Апошнія гады гламур мяне вабіць, я гляджу на яго, разглядаю, вывучаю як фатограф. Мне падабаюцца прафесійнымі каляровымі фотаілюстрацыямі глянцавыя часопісы кшталту “Playboy”, “Men’s Health”, “Соsmopolitan”. Мне цікава, як зроблены гэтыя здымкі, ці магу я паўтарыць гэты стыль? Гламур вабіць не толькі мяне, а многіх, нават тых, хто ставіцца да яго адмоўна. Напэўна, частка поспеху такога фота — у яго эпатажнасці. Тое, што мы бачым кожны дзень, “замыльвае” вока, і гламур адкрывае для нас іншы свет.
— Гледзячы на адно з вашых фота, мне ўзгадваецца фотарэклама калекцыі “Версачэ” пачатку васьмідзесятых: гэтак жа гламурна і сексапільна…— У мяне цэлая серыя такіх фота, надрукаваных фарматам 20 х 30. А наконт сексапільнасці ў фота — я яе не хаваю, мне гэта падабаецца, але я не стаўлю яе за самамэту, яна выконвае функцыю прыгажосці, прывабнасці. Шчыра кажучы, зрабіць такое фота вельмі складана, бо не кожная мадэль здольная разняволіцца, — маю на ўвазе эмацыйна, у мысленні. Дарэчы, скажу, што для таго, каб рабіць фота ў стылі сексапільнага гламура, мадэлі ўвогуле не абавязкова распранацца: можна проста прыспусціць шлейку сукенкі і прыкрыцца футрам драпежніка.
Але звычайна, каб зрабіць толькі адзін такі кадр, на якім не будзе ні скаванасці, ні пошласці — дзвюх забароненых граней, — трэба зрабіць сотню пробных.
— Калі гаварыць пра жанчын, дык яны ці не ўсе ад банальнага, але шчырага кампліменту проста квітнеюць. Немалаважная і неабходная ступень даверу паміж фатографам і мадэллю. Яна павінна быць упэўнена ў фатографе, яго прафесіяналізме. Я не падаю каманды мадэлі, кшталту: “Стань так і не варушыся!”. Мне больш уласціва назіраць, як мадэль паводзіць сябе ў жыцці, як яна рухаецца, а я тым часам прыкмячаю для сябе прыгожыя ракурсы. Вось іх я потым і спрабую ўзнавіць у кадры. Я паўтаруся і зноў скажу, што зрабіць гламурнае фота — не так лёгка, як можа падацца. Для гэтага шмат што трэба: прынамсі, студыя, адсутнасць якой — праблема для многіх фатографаў, бо не будзеш жа рабіць такія пастаноўкі на вуліцы ці дома. Па-другое, аксесуары, якія павінны дапаўняць, характарызаваць, абазначаць задуму і сэнс фота, а гэта таксама трэба ці знаходзіць, ці купляць. І— сама мадэль, якая разумее, што ад яе патрабуецца, якая не блытае паняцці і ведае, дзеля чаго яна сюды прыйшла.
— Фотагламур не існуе без глянцавай друкаванай прадукцыі. У Беларусі, калі паглядзець на айчынны рынак перыёдыкі, гламур — гэта больш выключэнне, чым правіла…— На жаль, гэта так: рынак глянцавай прэсы ў нас небагаты, калі не сказаць — бедны. Мы маем у асноўным расійскія часопісы з прапагандай тамтэйшых эстэтычных ідэалаў, культуры і падзей. І мне таксама сумна гэта зазначаць…
— О-о-о! У свеце існуе вялікае мноства фатографаў: больш вядомых, менш вядомых. Але ў мяне ёсць тры куміры, якія кранулі мяне за жывое, і да сёння я схіляю галаву перад імі. Першы — гэта якраз знакаміты Хельмут Ньютан. Гэта такі майстар, мастак, прафесіянал, у якога я хацеў бы многае пераняць, навучыцца. Адносна такога мастака не сорамна сказаць: я хацеў бы ўмець тое, што і ён. Другі фотамастак — Дэвід Лашапэль, якога называюць сучасным Далі. Гэта вельмі дарагі майстар, які здымае галівудскіх зорак. Мне ён падабаецца гламурам і эпатажнасцю. А трэці мой кумір — Гвіда Арджэнціні. Гэта таксама майстар гламурнай фатаграфіі… Дастаткова таленавітых фотамастакоў і ў Беларусі, але ў нас не тыя фотамаштабы, магчымасці, якія дазволілі б так працаваць. Тым не менш, я цікаўлюся ўсімі беларускімі фотавыстаўкамі, якія праходзяць тут, — Міхаіла Маругі, Андрэя Шчукіна і іншых.
— Для жанатага чалавека ці не рызыкоўна займацца такім жанрам, як у вас?— Для сямейнага шчасця гэта сапраўды можа стаць выпрабаваннем. Мне напачатку было вельмі складана, і мая жонка, якую я вельмі кахаю, раўнавала мяне, справа ледзь не дайшла да разводу. Я разумею, што не кожнай жанчыне спадабаецца, калі яе муж увесь вольны час праводзіць з прыгажунямі. Але я ніколі не дазваляў сабе лішняга, і яна гэта зразумела, супакоілася, хоць і пажартавала, што гарбатага магіла выпрастае.
— Дарэчы, а жанчыны-фатографы, на ваш мужчынскі погляд, здольныя “кампетэнтна” здымаць гламур?— Ён будзе адрознівацца ад мужчынскага бачання, гэта так. Канкрэтна сказаць, чым — цяжка сфармуляваць, але вы гэта адчуеце па тым, на што сэнсоўна сфакусіравана ўвага ў кадры. Мужчына-фатограф зробіць акцэнт на знешняй прывабнасці, а жанчына
паспрабуе раскрыць унутраны свет, жаноцкасць, мацярынства, і тое, што менавіта ёй падаецца прыгожым у жанчыне: далоні, шчыкалаткі ці, мабыць, вейкі. І хаця на двух гэтых здымках можа быць адна і тая ж мадэль, вы адчуеце надзіва розныя асацыяцыі і эмоцыі. Дарэчы — падтрымліваючы тэму гламура, — мне зараз узгадалася цытата аднаго вядомага ўкраінскага фатографа, у якога журналіст спытаў: “А вам не надакучыла здымаць аголеных жанчын столькі гадоў?” Той адказаў: “А вам не надакучыла, што кожны год наступае вясна?”
Напэўна, гламур — гэта і ёсць глыток вясны, якой мы заўсёды прагнем.
Сфакусіравалася на тэме Вера ХАЛОДЗІЧ