— Мне даводзілася, — распавядае Зэеў Бен-Ар’е, — даволі часта мяняць род заняткаў. Займаўся навукай, вёў даследаванні ў галіне матэматычнай псіхалогіі. А потым пайшоў у журналістыку — працаваў на ізраільскім радыё, вёў праграмы на рускай мове і мовах народаў краін былога Савецкага Саюза. Займаўся перакладамі ізраільскай прозы на рускую, а потым і на ўкраінскую мовы.
Што падахвоціла мяне перакласці Васіля Быкава на іўрыт? Літаратура, пераклады найлепш дапамагаюць знаёміць адзін народ з другім. Прызнаюся, перакладаць было напачатку даволі складана. І ўсё-ткі я адолеў бар’еры, якія паўсталі на маім шляху, у мяне атрымалася. Пераклады прынялі два самыя элітарныя літаратурныя ізраільскія часопісы. Быкаў, паводле маёй ацэнкі, — найбуйнейшы беларускі пісьменнік.
— Што паказала ваша краіна ў якасці Ганаровага госця на ХV Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы?— Удзельнічаць у выстаўцы — і ганарова, і вельмі адказна. Прадстаўлена вялікая экспазіцыя, а таксама вялікая культурная праграма цягам усіх чатырох выставачных дзён. У Мінск завітала прадстаўнічая ізраільская дэлегацыя, у склад якой увайшлі вядомыя пісьменнікі, літаратурныя крытыкі, выдаўцы. Беларускія аматары літаратуры пазнаёміліся з творамі вядомых ізраільскіх пісьменнікаў Амоса Оза, Этгара Керэта, Давіда Гросмана і іншых.
— Вы гаварылі аб сваёй літаратурнай дзейнасці. Дазвольце запытаць, а як прыйшлі да дыпламатычнай?— На пачатку 90-х гадоў, калі на сусветнай карце з’явілася 15 дзяржаў на месцы былога Савецкага Саюза, Ізраіль пачаў адкрываць амбасады ў гэтых новых краінах. Ізраільскае Міністэрства замежных спраў, не маючы на той момант дастаткова спецыялістаў, звярнулася да групы людзей — выхадцаў з гэтага рэгіёна — з прапановай працаваць на дыпламатычных пасадах. Мяне гэта зацікавіла, і пасля адпаведнай падрыхтоўкі я ў 1993 годзе перайшоў на дыпламатычную працу. І ў такой якасці праслужыў даволі доўга ва Украіне. Потым нейкі час працаваў Часовым Павераным Дзяржавы Ізраіль у Беларусі, затым прэс-аташэ — у Маскве, а потым — зноў ва Украіне. Пасля двухгадовай працы ў МЗС у Іерусаліме ў 2004 годзе атрымаў прызначэнне ўзначаліцьізраільскую дыпламатычную місію ў Беларусі.
— Такім чынам, едучы другі раз у Беларусь, вы мелі ўяўленне аб нашай краіне...— Я ведаў аб вашай краіне шмат. Усе гады сваёй журналісцкай дзейнасці ў Ізраілі я ўважліва сачыў за тым, што адбываецца ў краінах СНД, і найперш — у Расіі, Украіне, Беларусі. Таму быў у курсе спраў, жыцця гэтых краін.
Пазней доўга працаваў ва Украіне, а Беларусь ад яе — недалёка. Была магчымасць сачыць за падзеямі праз СМІ, у тым ліку і на беларускай мове: ужо ў тыя гады я пачаў вывучаць беларускую мову і зусім някепска чытаў на ёй.
— Украінскай, наколькі я ведаю, вы валодаеце цудоўна...— Украінскую мову я вывучыў, можна сказаць, нанава і развіў шляхам чытання ўкраінскіх тэкстаў, калі прыехаў у 1993 годзе ва Украіну ў якасці дыпламата. Але ўкраінская мова не была для мяне зусім незнаёмай — я нарадзіўся ва Украіне, жыў у юнацкія гады ў Харкаве.
— Якія былі вашы першыя ўражанні аб Беларусі?— Пачну з прыроды, з прыродных ландшафтаў. Яны цудоўныя ў вас. І блізкія мне па гусце і характары, — я люблю акурат спакойныя азёрна-рачныя і лясныя прасторы. Таму я шмат ездзіў у першы мой прыезд па Беларусі і зімой, і летам, і гэта былі вельмі прыемныя вандроўкі.
Працаваць ва Украіне і ў Беларусі мне было надта цікава. І не толькі таму, што дапамагала веданне моў, разуменне ментальнасці. Было цікава ў 90-я гады працаваць менавіта ў краінах СНД, якія рабілі першыя крокі на шляху дзяржаўнага і нацыянальнага станаўлення і імкнуліся да адраджэння, да развіцця нацыянальнай культуры. Мне гэта было вельмі блізка, бо тыя ж праблемы зусім нядаўна стаялі і перад Ізраілем. Адбывалася станаўленне нацыянальнай культуры, станаўленне літаратуры, якія трымаліся на вельмі старажытных традыцыях. Наша дзяржава паступова вырашыла ўсе ўзгаданыя праблемы.
Працэсы, праз якія прайшоў ізраільскі народ, я назіраў у Беларусі і ва Украіне. І мне гэта было надзвычай цікава. Варта нагадаць, што беларускі і яўрэйскі народы стагоддзямі жылі побач. У Беларусі працэнт яўрэйскага насельніцтва быў дастаткова высокі. На гэтай зямлі зараджаліся рэлігійныя яўрэйскія плыні, нараджаліся і вырасталі людзі, якія потым сталіся буйнымі дзеячамі ў яўрэйскай дзяржаве і ў ізраільскай культуры. Сувязі паміж беларускім і яўрэйскім народамі былі спрадвечныя.
— Дастаткова прыгадаць заснавальніка сучаснай ізраільскай мовы Бен-Егуду —выхадца з Беларусі...— Сапраўды, Эліэзэр Бен-Егуда, чалавек, намаганнямі якога ў Ізраілі іўрыт стаўся дзяржаўнай мовай, быў выхадцам з Беларусі. БенЕгуда пераехаў з Беларусі ў Ізраіль і прысвяціў усё сваё жыццё адраджэнню нашай дзяржавы і мовы. Так, ідыш — цудоўная мова, на ёй створана цудоўная літаратура. Але яўрэі, скажам, з Марока, Туніса, Судана, Эфіопіі, якіх зусім нямала ў Ізраілі, да ідыша не мелі аніякага дачынення.
— Апошнім часам пры садзейнічанні Ізраільскай Амбасады ў Беларусі прайшло шмат цікавых імпрэз, якія пазнаёмілі беларусаў з сучаснай ізраільскай культурай...— Амбасадзе ўдалося правесці даволі шмат цікавых мерапрыемстваў. Для нас гэта важна, мы надаём беларуска-ізраільскаму культурнаму супрацоўніцтву вельмі вялікую ўвагу. Першай значнай акцыяй сталася выступленне ізраільскага вакальна-танцавальнага ансамбля “Анахну Кан!”, што ў перакладзе на беларускую мову азначае — “Мы — тут!”.
У Беларусі пабывала вялікая група артыстаў — дзесьці 80 чалавек. Пасля прайшла выстаўка яўрэйска-ізраільскай кнігі ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Мы прадставілі больш за 400 кніг, з іх — 150 ізраільскіх выданняў. Затым мы прынялі ўдзел у Мінскім міжнародным кніжным кірмашы. І якраз да гэтага часу быў скончаны праект, які я лічу адным з галоўных у галіне беларуска-ізраільскіх культурных стасункаў: быў зроблены першы пераклад з іўрыта твора мастацкай літаратуры на беларускую мову. Гэта кніга пад назвай “Кіроўца аўтобуса, які хацеў стаць богам” вельмі папулярнага ізраільскага празаіка і сусветна-вядомага пісьменніка Этгара Керэта. Ён — аўтар кароткіх апавяданняў. Жанр іх вызначыць немагчыма. Яны іранічныя і маралістычныя, рэалістычныя і містычныя, па-дзіцячы прымітыўныя і мудрыя, сур’ёзныя і смешныя. Пераклаў кнігу з іўрыта на беларускую мову Павел Касцюкевіч.
Плануем далей знаёміць беларусаў з ізраільскай культурай. Традыцыйна ізраільцяне ўдзельнічаюць у міжнародным фестывалі “Славянскі базар у Віцебску”. На гэтымфэсце ўжо некалькі гадоў запар праходзіць Дзень Іерусаліма. Мяркуем правесці ізраільскі кінафестываль, ці Тыдзень кіно Ізраіля. Мы ўжо паказвалі адзін фільм у межах “Лістапада”, вельмі папулярны дэтэктыўны баявік. У апошні час кіно Ізраіля зрабіла якасны скачок, нашы фільмы заваёўваюць прызы на рознага роду міжнародных кінафэстах. Плануем таксама прадставіць у Беларусі опернага спевака Шапавалава і эстраднага выканаўцу Духіна — выхадцаў з Беларусі. Так што, планаў шмат.
— А наколькі знаёмы вы ў цэлым з беларускай літаратурай, яе гісторыяй?— Я шмат чытаю беларускіх аўтараў пабеларуску. Я лічу, што гэта мой абавязак як амбасадара. І трэба заўважыць, абавязак дастаткова прыемны, бо для мяне чытаць кнігі, газеты — прыемна і натуральна. Я пазнаёміўся з гісторыяй беларускай літаратуры, з творчасцю старэйшага пакалення вашых пісьменнікаў: Багушэвіча, Баршчэўскага, Дуніна-Марцінкевіча — у асноўным праз літаратурна-крытычныя работы. Цікавым падалося пакаленне, якое зрабіла ўнёсак у беларускую літаратуру на пачатку ХХ стагоддзя, — Купала, Колас, Багдановіч. Творы гэтых майстроў сапраўды не могуць не ўражваць. З цікавасцю чытаў Максіма Гарэцкага, Міхася Стральцова. На мой погляд, добры апавядальнік Змітрок Бядуля. Мне цікава было пазнаёміцца з яго апісаннямі беларускіх яўрэйскіх мястэчак. З найбольш адметных пісьменнікаў, якія бліжэй да нашага часу, гэта, канешне, — Васіль Быкаў, які на працягу ўсёй сваёй творчасці шукаў, з аднаго боку, вельмі простую, а з іншага — такую складаную жыццёвую праўду. Здаецца, яна ляжыць на паверхні, але, тым не меней, яна надта складаная. Цікавы Уладзімір Караткевіч, асабліва яго “Каласы пад сярпом тваім”, захапляе і ягоны дэтэктыў “Дзікае паляванне караля Стаха”. Менш знаёмы з беларускай паэзіяй.
— Чым вас увогуле прываблівае беларуская культура?— Я лічу, што культура любога народа — цікавая. А што да беларускай, дык яна мне асабліва зразумелая і блізкая. Яна мае даўнія і глыбокія традыцыі, яны выпрабаваны часам, таму надта моцныя і пладаносныя. Я радуюся поспехам вашай нацыянальнай культуры.
Гутарыла Наталля КІРПІЧЭНКАВА