Вось і гэтая канцэртная зала, сама назва якой - "Верхні горад" - указвае на яе месцазнаходжанне, з'явілася на карце Мінска зусім нядаўна, усяго некалькі месяцаў таму. Але наведвальнікі ўжо паспелі ацаніць і ўтульнасць памяшкання, і яго прыгажосць, і незвычайнасць як інтэр'ераў, так і самой гісторыі будынка.
- Калісьці на гэтым месцы, - распавядае "К" мастацкі кіраўнік Канцэртнай залы "Верхні горад" Аляксандр Вавілаў, - была царква Святога Духа. У 1930-я будынак ХVІ стагоддзя быў разбураны, а сутарэнні засталіся. Пры аднаўленні, вядома, улічваліся архіўныя малюнкі. Але новы будынак - шырэйшы, ён быццам "ахоплівае" стары фундамент, выходзячы за яго межы на тры метры. І мы імкнёмся выкарыстаць усе асаблівасці будынка.
- Праходзяць у зале канцэрты, іх становіцца ўсё больш... Зала ўрачыста адкрылася ў верасні, на Дзень горада. Тут адбылася шлюбная цырымонія, у якой адначасова ўдзельнічалі дзевяць маладых пар.
- Так, ужо літаральна з кастрычніка наша канцэртная афіша напаўняецца па нарастаючай. І гэта прытым, што шлюбы тут працягваюць спраўляцца! Хоць залу часцей называюць дзіцячай філармоніяй, выступаюць у ёй не толькі дзеці. Сярод тых калектываў, якія ўжо паспелі даць канцэрты, - Дзяржаўны камерны хор Беларусі пад кіраўніцтвам Наталлі Міхайлавай, Капэла "Санорус" на чале з Аляксеем Шутам. Знакаміты піяніст Юрый Бліноў, выступіўшы ў нас аднойчы, настолькі быў уражаны якасцю гуку на інструменце і акустыкай залы, што, пры ўсёй сваёй занятасці, абяцаў даваць тут канцэрты раз на месяц.
- Аляксандр Дзмітрыевіч, а ці прызвычаілася публіка да новай залы? Можа, ёсць ужо і заўсёднікі?
- Рэклама каштуе нятанна. Але на нас цудоўна працуе так званае сарафаннае радыё. Тыя, хто ў нас пабываў хаця б аднойчы, з задавальненнем прыходзяць яшчэ ды яшчэ. І сяброў сваіх прыводзяць! Не ўсё, вядома, так проста, праблем хапае, штатны расклад пакуль не зацверджаны. Затое планаў і цікавых ідэй - багата!
- Дык не трымайце іх у сакрэце!
- Сярод найбліжэйшых - у канцы сакавіка запросім усіх на дзіцячы мюзікл, падрыхтаваны самі дзецьмі. А сярод далёкіх - ёсць, да прыкладу, такая ідэя: паказваць на заднім дворыку... кіно. Абавязкова - старое! Каб было гэткае рэтра. І праецыраваць выяву на сцяну дома. Уявіце: людзі сядзяць за столікамі кафэ, няспешна п'юць каву, глядзяць кіно. Увогуле, да лета збіраемся асвоіць усю прастору - не толькі самога будынка, але і яго наваколля. Бо канцэрты могуць праходзіць і на адкрытым паветры, іх можна весці, да прыкладу, нават з балкона ратушы! Гэта папросту не зможа не прыцягнуць дадатковую публіку! І саміх мінчан, і гасцей сталіцы, і шматлікіх турыстаў. Дый у падвалы, спадзяюся, будуць наладжаны экскурсіі - з расповедамі пра гісторыю будынка, ахінутую легендамі, пра Мінск, пра нашу багатую культуру, пра повязь часоў. У гэтым месцы - папраўдзе асаблівая энергетыка, і не адчуць тую аўру высокай духоўнасці, сплеценую з таямніцамі даўніны і святлом душы нашых сучаснікаў, немагчыма!..
Фота Юрыя ІВАНОВА
На здымках: экстэр'ер і інтэр'ер Канцэртнай залы "Верхні горад".